Шматфункцыянальны фізкультурна-спартыўны комплекс адкрылі ў Чашніках у межах святкавання Дня горада

Для рэалізацыі праекта былі ўключаны ў гаспадарскі абарот невыкарыстаныя будынкі былых мехмайстэрні і адміністрацыйнага корпуса райсельгасхіміі, пабудаваныя яшчэ на пачатку 2000-х гадоў. Першы этап работ уключаў мадэрнізацыю даху. Работы па яе замене выконваліся з 2012 па 2015 год. З 2015 па 2017 гг. асвоена з раённага бюджэту больш за 600 тысяч руб. З-за адсутнасці фінансавання ў 2018-м будоўлю замарозілі.

Пасля таго, як Прэзідэнт Беларусі падпісаў распараджэнне "Аб дадатковых мерах па вырашэнні актуальных пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва" і ўзяў пад асабісты кантроль будаўніцтва фізкультурна-спартыўнага комплексу, рэалізацыя інвестпраекта аднавілася. На працяг работ па рэканструкцыі аб'екта ў Чашніках было выдзелена з рэспубліканскага бюджэту 1,2 млн рублёў.

– Фiзкультурна-спартыўны комплекс – гэта не толькі добры падарунак для чашнічан, але і жыхароў суседніх раёнаў. Цудоўны басейн, выдатныя спартыўны і трэнажорны залы, утульнае кафэ. У бліжэйшых планах падобны аб'ект здаем у Глыбокім. Не трэба чакаць фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі", каб пабудаваць такі аб'ект. Хачу выказаць падзяку былому старшыні Чашніцкага райвыканкама Леаніду Плешку, які ўзяў на сябе адказнасць і смеласць заняцца будаўніцтвам гэтага сур'ёзнага аб'екта. Дзякуючы цяперашняй мясцовай уладзе праект завершаны. Вельмі не хацелася б, каб басейн пуставаў. Вялікія сродкі ідуць на яго ўтрыманне. Было б выдатна, каб наша моладзь, людзі розных узростаў наведвалі комплекс, сачылі за сваім здароўем. Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць юных чашніцкіх футбалістаў з перамогай у рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод дзяцей і моладзі "Скураны мяч". Яны лепшыя ў рэспубліцы! – адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.

Будаўнічыя работы комплексу праводзіла ТАА "Вектар –А". Рэканструкцыя, галоўным вынікам якой стаў сучасны спартыўны аб'ект, пачата з вуліцы Ленінскай: дарога, якая вядзе да спорткомплекса, заасфальтавана, а побач з аб'ектам – аўтастаянка на 106 месцаў.

Планироўка новага ФАК уражвае. Гульнявая зала для заняткаў футболам, валейболам з сучасным пакрыццём падлогі, трыбунамі, каментатарскай. Памяшканні для сауны, невялікіх памераў басейн. У асобнай зале – басейн пабольш – 25 на 11 метраў, у распараджэнні аматараў плавання чатыры дарожкі. Праектам прадугледжаны лесвічныя заходы, гідрамасаж, пад'ёмнік для людзей з інваліднасцю. Кафэ, трэнажорная і зала для фітнеса, дзіцячы пакой, касметалогічны кабінет. Безумоўна, новы ФАК стане базай для падрыхтоўкі юных спартсменаў, а яшчэ месцам актыўнага адпачынку.

Агульны кошт аб'екта склаў больш за 8 млн рублёў. Пасля асваення рэспубліканскага транша, фінансаванне аб'екта ажыццяўлялася за кошт сродкаў раённага бюджэту.

Чашнікі ярка і масава адсвяткавалі 518-годдзе горада. Жыхары раёна і госці свята маглі здзейсніць экскурсію па экспазіцыйных залах Чашніцкага гістарычнага музея, па горадзе. На галоўных вуліцах і плошчы райцэнтра была арганізавана святочная гандаль. Дзеці маглі павесяліцца на атракцыёнах.

Працавалі тэматычныя і спартыўныя пляцоўкі, выстава сучаснай тэхнікі, адкрыты пленэр самадзейных мастакоў "Мы малюем Чашніччыну".

Акрамя таго, прайшоў аўтапрабег у рамках абласнога грамадзянска-патрыятычнага марафону "Адзіны" да Дня народнага адзінства.

Госцей і жыхароў горада радавалі адкрыты раённы мастацкі конкурс "Малюю Чашніччыну", фотаконкурс "Ганаруся табой, горад мой!", конкурс "Парасон-шоу", раённы конкурс-выстава творчых работ "Памяць і боль беларускай зямлі", выстава-конкурс кветкавых кампазіцый "Шум асенні", паказальныя выступленні абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ.

На ўрачыстым мерапрыемстве "Нам ёсць чым ганарыцца" былі ўручаны Ганаровыя граматы, у тым ліку ад абласной арганізацыі РГА "Белая Русь".

Увечары чаушнічан і гасцей свята чакаў флэшмоб "Любімы горад", інтэрнэт-чэлендж "17", фестываль фарбаў для дзяцей "Колеры Холі". А яшчэ канцэрт артыста беларускай эстрады Германа Цітова і вакальна-інструментальнага ансамбля "Не торт".

Завяршылася свята святочнай дыскатэкай і маляўнічым феерверкам.

"Віцебскія весці"
, фота "Чырвоны прамень"