«Мы ў адказе за Перамогу». Конкурс эсэ сярод моладзі 13-17 гадоў праводзіць Інстытут памежнай службы Беларусі

«Мы в ответе за Победу». Конкурс эссе среди молодежи 13-17 лет проводит Институт пограничной службы Беларуси
Літаратурны конкурс, прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, праводзіць Інстытут памежнай службы Рэспублікі Беларусь у рамках патрыятычнага праекта «Мужнасцю сваёй у неўміручасць ступіўшым», паведаміў афіцыйны прадстаўнік Полацкага памежнага атрада Дзяніс Глебко. 

Гэта даніна памяці воінам-пагранічнікам, якія першымі ў 1941 годзе прынялі на сябе ўдар нямецка-фашысцкіх захопнікаў і сталі прыкладам гераізму, стойкасці і самаадданай вернасці Радзіме.

Для ўдзелу прымаюцца раней не апублікаваныя індывідуальныя работы – не больш за адно эсэ ад аўтара. На выбар прапануецца некалькі пытанняў для развіцця тэмы:

  • Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі маёй сям'і і майго краю;
  • ветэраны-пагранічнікі ў маёй сям'і;
  • пра што гавораць архівы (пра лёсы пагранічнікаў, памежных атрадаў у ваенны і перадваенны перыяд);
  • кніга, мастацкі фільм пра Вялікую Айчынную вайну, якія паўплывалі на мяне;
  • удзел моладзі маёй школы, вуліцы па захаванні памяці пра Вялікую Айчынную вайну, пра подзвіг пагранічнікаў.

Эсэ з запоўненымі заяўкамі для ўдзелу ў конкурсе прымаюцца да 16 красавіка па электроннай пошце. Не забудзьцеся пазначыць абавязковую паметку «Мы ў адказе за Перамогу». Ацэньваць работы будзе журы, у склад якога, акрамя прадстаўнікоў органаў памежнай службы, увойдуць члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца ў маі. Прызёраў адзначыць дыпломамі і каштоўнымі прызамі.

Патрабаванні да афармлення тэксту і ўзор заяўкі для ўдзелу змяшчаюцца ў Палажэнні аб конкурсе эсэ «Мы ў адказе за Перамогу». Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на сайце Інстытута памежнай службы, а таксама ў групе «Мужнасцю сваім у неўміручасць ступіўшым» сацсеткі «ВКонтакте (vk.com/mujestvomvbesmertie).

Конкурс праводзіцца з мэтай выхавання ў моладзі патрыятычных пачуццяў, захавання памяці аб Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў, ушанавання подзвігу пагранічнікаў на пачатковым этапе Вялікай Айчыннай вайны, развіцця творчых здольнасцей моладзі, выяўлення адораных навучэнцаў.