На базе Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшло прафарыентацыйнае мерапрыемства PSU:EDU_Fest
– Для нас усіх актуальная сённяшняя сустрэча. Вельмі важна, каб выпускнікі школ не з'язджалі ў сталічныя ВНУ, у вялікія гарады, а заставаліся тут, на тэрыторыі нашай вобласці, – сказаў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў падчас урачыстага адкрыцця фэсту. – Убачыўшы, чым славіцца Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, пазнаёміўшыся з умовамі, якія сёння тут створаны для студэнтаў, – паверце, яны проста цудоўныя! – у вас можа з'явіцца пачуццё, што і горад, і гэты ВНУ – вашы. Думаю, выбраўшы ПДУ, вы пра гэта не пашкадуеце.
У бягучым навучальным годзе ў класах і групах педагагічнай накіраванасці вобласці навучаюцца 678 навучэнцаў.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі 230 навучэнцаў 11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Віцебска і Наваполацка, Верхнядзвінскага, Віцебскага, Глыбоцкага, Мёрскага, Полацкага, Расонскага, Ушацкага і Шумілінскага раёнаў.


Группы навучэнцаў наведалі восем тэматычных пляцовак, на якіх у інтэрактыўнай форме былі прадстаўлены напрамкі педагагічнай падрыхтоўкі на гуманітарным факультэце ўніверсітэта.
Выпускнікі спецыяльнасці «Псіхалогія» будуць дапамагаць людзям: праводзіць псіхалагічнае кансультаванне, дыягностыку і карэкцыю. Для гэтага яшчэ падчас вучобы студэнты асвойваюць тэхнікі аказання псіхалагічнай дапамогі і праводзяць трэнінгі. На EDU_FEST абітурыенты якраз пазнаёміліся з некаторымі іх відамі.
Вывучыць замежную мову – няпростая справа. Яшчэ складаней – ведаць яе так, каб потым выкладаць іншым. Пра тое, як студэнты моўных спецыяльнасцей спраўляюцца з такой задачай, расказалі школьнікам на пляцоўцы Do you speak…? Хлопцы таксама даведаліся пра Цэнтр вывучэння замежных моў ПДУ, дзе можна дадаткова асвоіць англійскую, нямецкую, кітайскую, польскую, французскую, шведскую ці іспанскую. На пляцоўцы Made in Belarus, вядома, гаварылі «аб роднай мове». А пераможцам конкурсаў на беларускай мове дасталіся памятныя закладкі з пажаданнямі. Напрыклад, такія: «Няхай збываюцца надзеі ў будні дзень і ў нядзелі!»
У ПДУ беражліва захоўваюць і працягваюць шматвяковыя адукацыйныя традыцыі Полаччыны. Кожны год студэнты спецыяльнасці «Гісторыя» актыўна ўдзельнічаюць у археалагічных даследаваннях у Полацку. Пра многія цікавыя факты хлопцы даведаліся з гістарычнага квіза на пляцоўцы Make New History.
На спецыяльнасці «Тэхнічная праца і прадпрымальніцтва» студэнтаў вучаць ствараць нешта рукамі і тлумачаць, як перавярнуць свае навыкі ў сферу бізнесу і адкрыць уласную справу. Таму для абітурыентаў на EDU_FEST арганізавалі пляцоўку Hand Made, назва якой кажа сама за сябе.
Каб паступіць на спецыяльнасць «Фізічная культура», трэба паспяхова справіцца з уступным выпрабаваннем. Сваю добрую фізічную падрыхтоўку абітурыенты прадэманстравалі на актыўным флэшмобе са стэпамі для фітнесу.
Прадстаўнікі Цэнтра стратэгічных камунікацый таксама расказалі хлопцам пра тое, якія ўнікальныя магчымасці дае студэнтам універсітэт. А яшчэ – пра стажыроўкі, стыпендыі, зніжкі, вольныя першыя пары для вывучэння замежнай мовы, аўташколу пры ВНУ і іншыя фішкі, якія ёсць толькі ў ПДУ.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома адзначыў, выступаючы перад моладдзю, што ўжо сёння вельмі важна разумець, хто прыйдзе працаваць у школы, хто будзе вучыць дзяцей. І ёсць вялікая зацікаўленасць у тым, каб будучыя маладыя спецыялісты засталіся на ўсё жыццё ў абранай імі прафесіі і ніколі пра гэта не пашкадавалі. Аб прывабнасці і прэстыжнасці педагагічнай працы гаварыў у гэты дзень і рэктар ПДУ Алег Раманаў.
– Педагагічная спецыяльнасць – творчая і асэнсаваная. Гэта не «перакладванне паперак», гэта рэальнае жыццё. Кожны ўрок – гэта новы ўрок, – сказаў Алег Аляксандравіч. – Калі ты ведаеш, што ўклаў частку свайго розуму, сваёй душы ў развіццё маленькіх дзетак – гэта дарагога каштуе. Калі вы выбераце гэту спецыяльнасць, ваша жыццё будзе творчым і радасным. Што тычыцца Полацкага ўніверсітэта, ён прывабны не толькі знешне – сваімі корпусамі і аўдыторыямі. Ён яшчэ добры і таму, што тут прыгожа жывуць і прыгожа працуюць і ёсць магчымасць правесці студэнцкае жыццё ярка, насычана, цікава, у добрай сістэме адносін, сярод сяброў, разумных і цікавых педагогаў.
У будучыні Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт плануе праводзіць не толькі Дні адкрытых дзвярэй, але і спецыялізаваныя фестывалі: як для педагагічных спецыяльнасцей, так і для тых, хто зацікаўлены ў фізіцы, праграмаванні, эканоміцы і іншых напрамках.