На сэсіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў 28-га склікання разгледзелі пытанні стварэння безбар'ернага асяроддзя
Размова ішла пра ход рэалізацыі ў 2023 годзе мерапрыемстваў падпраграмы «Даступнае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб» Дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона» на 2021–2025 гады.
Як адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў, у рэгіёне робіцца вельмі шмат для адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
– Сёлета былі выдзелены сродкі карэкцыйна-развіваючым цэнтрам усіх рэгіёнаў вобласці для закупкі абсталявання і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. У розных раёнах для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі абсталяваны дзіцячыя пляцоўкі. У Віцебску 24 чэрвеня ўрачыста адкрыецца вялікая дзіцячая пляцоўка, дзе прадугледжана асобная зона для малых з асаблівасцямі развіцця, і гэта добры прыклад. У рэгіёне з’явіліся пяціпавярховыя дамы з ліфтамі – гэта таксама важны крок. Мы не павінны забываць, што асаблівыя людзі побач з намі. І толькі разам мы можам вырашыць існуючыя праблемы, – падкрэсліў Уладзімір Цярэнтаў.
– Задача складаецца ў забеспячэнні даступнасці асноўных будынкаў, збудаванняў, аб'ектаў гандлю, аховы здароўя, сацабслугоўвання, вулічна-дарожнай сеткі, аўтамабільнага і электрычнага транспарту гарадскіх, прыгарадных перавозак для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, – растлумачыў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Барыс Ефрэмаў. – На гэтыя мэты з абласнога бюджэту прадугледжана 490 тыс. рублёў, асвоена 116 тыс.
Стварэнне безбар'ернага асяроддзя вельмі важна, бо больш за 56 тысяч з 1 млн 100 жыхароў вобласці – гэта людзі з інваліднасцю, з іх 3,6 тысячы калясачнікаў. Да таго ж у рэгіёне больш за 260 тысяч пажылых людзей, якія таксама маюць патрэбу ў асаблівых умовах перамяшчэння, падкрэсліў Барыс Ефрэмаў.
За папярэднія два гады ў вобласці абсталявана звыш 180 аб'ектаў, праца працягваецца і ў бягучым годзе. Для правядзення маніторынгу выканання дадзеных работ створаны спецыяльныя групы, у якія ўваходзяць прадстаўнікі ЖКГ, транспарту, грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў.
Маленькі недалік або недапрацоўка могуць звесці на нішто ўсё будаўніцтва аб'екта, акцэнтаваў старшыня абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» Эдуард Авецісян.
– Калі, да прыкладу, прыступка вышэй, чым трэба, або на 15–20 см не даведзены да канца лесвіцы поручань, інвалід не ў стане па ёй падняцца. Даступнае асяроддзе патрэбна таксама пажылым людзям, маладым мамам з каляскамі, людзям, якія часова страцілі здароўе, маленькім дзецям. Але для нас, інвалідаў, яна жыццёва важная. Трэба абсталяваць вакзалы, не ўсюды ёсць санітарныя пакоі для інвалідаў. Хацелася б, каб на гэта звярнулі ўвагу, – заўважыў Эдуард Авецісян.
Ён узняў пытанні сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі інвалідаў, узаемадзеяння з рознымі структурамі.
На сесіі былі прыняты важныя рашэнні ў мэтах сацыяльнай падтрымкі грамадзян з абмежаванымі магчымасцямі, забеспячэння іх вольнага доступу да аб'ектаў сацыяльнай сферы, транспартнай інфраструктуры, вулічна-дарожнай сеткі. Праца ў гэтым напрамку будзе працягнута.