На будаўніцтва новага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра ў Лепелі накіруюць больш Br7 млн

На будаўніцтва новага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра (ФАЦ) з басейнам у Лепелі накіруюць больш за Br7 млн, паведамілі ў Лепельскім райвыканкаме.

Новы аб'ект "Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр з басейнам" у Лепелі пачалі ўзводзіць у кастрычніку мінулага года. Работы вядуцца па дзяржаўнай праграме "Фізічная культура і спорт" на 2021-2025 гады. За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту на будаўніцтва запланавана фінансаванне ў суме больш за Br7 млн. Пасля ўводу ў эксплуатацыю басейн перададуць сектару спорту і турызму райвыканкама. Як чакаецца, у дзень спартыўны аб'ект змогуць наведаць да 220 чалавек, у месяц ён зможа прыняць больш за 5 тыс. чалавек.

На першым паверсе будынка з'явяцца 25-ці і 10-метровы дзіцячыя басейны. Дзіцячае гідратэхнічнае збудаванне з неглыбокай чарай парадуе самых маленькіх плыўцоў ва ўзросце да 6 гадоў. Як адзначылі ў выканкаме, пры будаўніцтве прадугледжаны ўсе ўмовы наведвання асобамі з абмежаванымі магчымасцямі, аб'ект маюць намер задзейнічаць таксама для аздараўленчых сеансаў. У будынку ФАЦ будуць трэнажорная і спартыўная залы, міні-кафэ на 8 пасадачных месцаў.

"Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр з басейнам стане базай для правядзення вучэбна-трэніравальных заняткаў з навучэнцамі ўстаноў адукацыі, дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ раёна. Тут будуць праводзіцца спартыўныя гульні, фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы для насельніцтва. Басейн стане базай для фарміравання жыццёва неабходных уменняў і навыкаў плавання, умацавання здароўя і фізічнага развіцця насельніцтва, прыцягнення дзяцей да заняткаў у пазаўрочны час і арганізацыі іх змястоўнага вольнага часу", - падкрэслілі ў райвыканкаме. Там дадалі, што дзверы ФАЦ будуць адкрыты як для жыхароў Лепеля і раёна, так і іншых рэгіёнаў.

"БЕЛТА"