Наталля Качанава на адкрыцці Спаса-Праабражэнскага храма ў Полацку: «Гэта духоўныя карані, духоўная каштоўнасць нашай Беларусі»
Адбыўся падзячны малебен па выніках завяршэння рэстаўрацыйных работ храма. У ім прынялі ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч, настаяцельніца Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ігумяння Еўдакія. На ўрачыстую цырымонію адкрыцця храма запрошаны тыя, хто працаваў над аднаўленнем святыні.
- Гэта знакавая падзея стала магчымай дзякуючы працам рэстаўратараў, праекціроўшчыкаў, будаўнікоў. Усе яны разумелі, што гэта трэба зрабіць на карысць нашага народа, таму што гэта духоўныя карані, духоўная каштоўнасць нашай Беларусі, - сказала Наталля Качанава. - Але гэта было б немагчыма, калі б не было волі нашага Прэзідэнта. Калі Аляксандр Рыгоравіч пабываў тут, ён сказаў, што трэба зрабіць усё для адраджэння гэтай святыні. І работы пачаліся дзякуючы даручэнню Прэзідэнта і фінансавай падтрымцы дзяржавы. Сёння работы выкананы ў поўным аб'ёме, і храм цяпер будзе радаваць вернікаў, гасцей старажытнага Полацка, горада, дзе нашы карані, гісторыя, вытокі нашай дзяржаўнасці.
Наталля Качанава агучыла прывітальнае слова Прэзідэнта Беларусі, у якім, у прыватнасці, гаворыцца: «Полацкая зямля – калыска беларускай дзяржаўнасці і праваслаўнай веры беларускага народа. Менавіта тут дзевяць стагоддзяў таму быў узведзены Спаса-Праабражэнскі храм, першы камень у падмурак якога закладзены прападобнай Ефрасінняй Полацкай. Манастыр стаў духоўным цэнтрам пакланення для паломнікаў з усяго свету. Шматвяковая гісторыя абіцелі сведчыць аб сіле веры ў Бога і яго дапамозе ў добрых справах на імя Айчыны. Ідучы запаветам продкаў берагчы і прымнажаць багацці роднай зямлі, мы ажыццявілі сур'ёзную рэстаўрацыю храма з выкарыстаннем унікальных тэхналогій і методык, якія дазволілі аднавіць найстаражытнейшыя элементы царквы. Высокай ступені ацэнкі заслугоўвае праца будаўнікоў, вучоных, рэстаўратараў і ўсіх, хто працаваў у гэтым святым месцы. Дзякуючы рэалізацыі такіх праектаў, уносіцца істотны ўклад у нашу агульную справу – умацаванне гістарычнай памяці беларускага народа. Упэўнены, што шанаванне хрысціянскіх каштоўнасцей будзе ў далейшым дапамагаць захаванню культурнай спадчыны, будаванню паспяховай будучыні для нашых нашчадкаў».