Наталля Качанава: «Усё, што робіцца ў нашай краіне, гэта спрадвеку было традыцыйна для нас, беларусаў, якія адрозніваюцца высокай духоўнасцю»
– Разважаючы з сем’ямі, я зрабіла для сябе некалькі заўваг, якія сугучныя нашаму грамадству. Мінулая сустрэча паказала, што няма пытанняў, якія трэба яшчэ раз абмяркоўваць. Трэба гаварыць, што ўсё, што робіцца ў нашай краіне, гэта спрадвеку было традыцыйна для нас, беларусаў, якія адрозніваюцца высокай духоўнасцю. Сем’і адкрыта дзяліліся сваімі думкамі, прапановамі. У прыватнасці, аб статусе жанчыны, якая павінна заставацца жанчынай. Гэта значыць, адпавядаць прызначэнню, якое ў ёй закладзена. Аб гэтым мы будзем гаварыць у Беларускім саюзе жанчын, членам якога я з’яўляюся. Гэта павінна стаць адным з асноватворчых напрамкаў дзейнасці гэтай грамадскай арганізацыі, – адзначыла Наталля Качанава.
Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што падтрымка сем’яў, дзяцінства, мацярынства і бацькоўства, усе прымаемыя ў краіне меры накіраваны на тое, каб беларускія сем’і былі моцнымі.
Згодна з сацапытаннямі, сярэднестатыстычны беларус марыць аб сям’і з двума-трыма дзецьмі. Сёння ў кожнай трэцяй сям’і ёсць двое дзяцей. Амаль на 70% стала больш шматдзетных сем’яў, а ў цэлым у краіне іх налічваецца больш за 122 тыс. Па крытэрыі спрыяльных умоў для мацярынства і нараджэння дзяцей Беларусь займае 25-е месца сярод 179 краін свету і першае сярод краін СНД.
У Беларусі для захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцей вялікая роля адводзіцца заканадаўчай базе. Не менш важны ўдзел прадстаўнікоў мясцовай улады, кіраўнікоў прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый. Неабходна ствараць прававыя ўстаноўкі на сям’ю як ключавы інстытут грамадзянскай супольнасці. Сацыяльна актыўныя, пазітыўныя, мэтанакіраваныя сем’і, у якіх жывуць адданыя сваёй зямлі, свайму народу, сваёй дзяржаве людзі, якія маюць прынцыпы, перакананні і веру, з’яўляюцца апорай дзяржавы ў кансалідацыі грамадства і залогам далейшага дынамічнага развіцця нашай краіны, пераканана спікер.
Звяртаючыся да духавенства, Наталля Качанава сказала:
– Нашы сумесныя намаганні накіраваны ў першую чаргу на клопат пра чалавека і дапамогу тым, хто мае патрэбу, захаванне традыцыйных каштоўнасцей, духоўна-маральнае выхаванне грамадства, умацаванне ідэйных асноў беларускай дзяржаўнасці.
Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што сямейная палітыка павінна стаць адным з галоўных напрамкаў дзяржаўнай і грамадскай дзейнасці.
– Няхай усе шлюбныя і сямейныя адносіны ў нашай краіне будуць са знакам якасці, а сямейныя традыцыйныя каштоўнасці – нацыянальным брэндам Беларусі, – падсумавала спікер.
Наталля Качанава ўручыла Падзякі старшыні Савета Рэспублікі асобам, якія асабліва адзначыліся ў справе выхавання падрастаючага пакалення і прапаганды сямейных каштоўнасцей. Сярод узнагароджаных – дырэктар Сенненскага дзіцячага дома Ганна Броўка.
У завяршэнне мерапрыемства адбыўся святочны канцэрт.