Наталля Качанава: ХІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Віцебскай вобласці павінен прайсці зладжана, арганізавана і вынікова
Да падрыхтоўкі XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі наша краіна прыступіла адразу па завяршэнні папярэдняга X Форуму рэгіёнаў, паведаміла Наталля Качанава:
– Таму што мы разумеем, наколькі знакавае гэта мерапрыемства для нашых краін – у плане рэгіянальнага супрацоўніцтва нашых краін, эканамічнага ўзаемадзеяння, развіцця Саюзнай дзяржавы. Першае пасяджэнне праводзілася непасрэдна ў Віцебскай вобласці: я выязджала і праводзіла нараду ў Віцебску, затым у Полацку. Таму што ўпершыню мы праводзім Форум рэгіёнаў у некалькіх гарадах нашай краіны. Мы задзейнічалі не толькі Віцебск, але і гарады Наваполацк і Полацк, таму што хочам паказаць у рамках форуму не толькі эканамічны складнік, але і зрабіць акцэнт на гісторыі і культуры, нашых нацыянальных традыцыях і гістарычнай агульнасці нашых краін. Як вы ведаеце, горад Наваполацк быў узведзены ў савецкі час спецыялістамі ў тым ліку з Расіі, якія прыехалі ўзводзіць нафтаперапрацоўчы завод.
Адзначыўшы, што ўсё гэта павінна выклікаць цікавасць у шматлікіх гасцей форуму, старшыня Савета Рэспублікі ў той жа час заўважыла:
– Гэта накладвае і асаблівую адказнасць на тое, як мы павінны правесці падрыхтоўку да гэтага важнага мерапрыемства. Форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі праходзяць пры непасрэдным удзеле прэзідэнтаў нашых краін Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна, таму для нас вельмі важна зрабіць усё, каб мерапрыемства прайшло зладжана і арганізавана. Але самае галоўнае, каб быў вынік, які заключаецца не толькі ў падпісанні кантрактаў і пагадненняў, не толькі ў эканамічным складніку, але і ў плане міжрэгіянальнага супрацоўніцтва нашых краін, выканання дамоўленасцей, прадугледжаных Дагаворам аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, саюзных праграм.
Таксама Наталля Качанава дадала:
– Сёння мы пачулі, што кіраўніцтва Віцебскай вобласці прапануе дастаткова шмат мерапрыемстваў, выстаў у рамках форуму, на якіх мы зможам паказаць дасягненні ў сферы інавацыйнага развіцця нашай краіны, Расійскай Федэрацыі і нашы сумесныя напрацоўкі ў навуцы, навучанні, адукацыі.
Нагадаем, ХI Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі будзе праходзіць летам гэтага года ў гарадах Віцебску, Полацку і Наваполацку. Актыўная падрыхтоўка да найважнейшага мерапрыемства вядзецца цяпер ва ўсіх трох гарадах. Як адзначалася на пасяджэнні аргкамітэта, сёлета тэматыкай форуму прапануецца тэма міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў пабудове інавацыйнай эканомікі Саюзнай дзяржавы.
"СБ"