Навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 590-годдзю першага згадвання горада ў пісьмовых крыніцах, праходзіць у Талачыне
Адкрываючы мерапрыемства, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў адзначыў яго важнасць не толькі для саміх удзельнікаў, але і для краязнаўцаў Талачынскага раёна, Віцебскай вобласці і краіны ў цэлым. Ён выказаў удзячнасць Інстытуту гісторыі НАН Беларусі за плённае супрацоўніцтва і за тое, што падобныя мерапрыемствы рэгулярна праводзяцца на тэрыторыі вобласці.
– Важна, што раёны прымаюць вучоных, якія распавядаюць менавіта пра мясцовую гісторыю, – дадаў Уладзімір Цярэнтаў. – І значным падарункам рэгіёну стане кніга пра гісторыка-культурную спадчыну Талачынскага раёна, якую падрыхтуе Інстытут гісторыі.
Прывітаўшы ўдзельнікаў канферэнцыі, старшыня Талачынскага райвыканкама Алег Лындын сказаў, што Талачынская зямля славіцца сваімі традыцыямі, якія шануюцца і выконваюцца.
– Важна, што на канферэнцыі абмяркоўваем цэлы пласт пытанняў, звязаных з гісторыяй рэгіёна – ад старажытных часоў, перыяду Вялікай Айчыннай вайны да сучаснасці. Упэўнены, што сумесным супрацоўніцтвам у рамках канферэнцыі папоўнім наш багаж ведаў пра наш раён, – падкрэсліў ён.
Алег Лындын уручыў Падзяку раённага выканаўчага камітэта дырэктару Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдату гістарычных навук, дацэнту Вадзіму Лакізу.
У сваю чаргу вучоны распавёў, што Інстытут гісторыі праводзіць працу, накіраваную на захаванне гістарычнай памяці, фарміраванне гістарычнай самасвядомасці, выхаванне патрыётаў, якія любяць сваю цудоўную краіну з унікальнай гісторыяй.
– А яна пачынаецца з гісторыі малой радзімы, з такой як талачынскі край. Падобныя канферэнцыі не могуць праходзіць без разумення і падтрымкі мясцовых органаў улады ў той справе, якая сёння стаіць на адным з першых месцаў у Беларусі, – выказаў упэўненасць Вадзім Лакіза.
Ён дадаў, што мерапрыемства праводзіцца ў рамках падпраграмы “Гісторыя” Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы” на 2021–2025 гады.
Кіраўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі падарыў гарадской бібліятэцы ўнікальныя гістарычныя выданні. А таксама адзначыў падзякамі ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна Алега Лындына, дырэктара Талачынскага кансервавага завода, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, ганаровага грамадзяніна Талачынскага раёна Анатоля Анюхоўскага, дырэктара гісторыка-краязнаўчага музея Ірыну Пікулік, намесніка дырэктара сярэдняй школы № 2 г. Талачына імя М. П. Лугаўскага Сняжану Гвоздзеву.
На пленарным пасяджэнні ішла размова аб гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыне Беларусі і яе ролі ў захаванні гістарычнай памяці, археалагічным вывучэнні Талачынскага раёна прафесарам Вольгай Леўка. Таксама ўвага была ўдзелена тэме генацыду насельніцтва рэгіёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Важным момантам мерапрыемства стала падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўнай навуковай установай “Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” і Талачынскім раённым выканаўчым камітэтам. Яго змацавалі подпісамі Вадзім Лакиза і Алег Лындын.
Далей праца канферэнцыі была арганізавана ў трох секцыях:
“Талачыншчына ад старажытнасці да 1917 года”, “Талачыншчына ад 1917 года да сучаснасці”, “Звязаныя лёсам з Талачыншчынай”. У ходзе іх пасяджэнняў заслухалі даклады па гісторыі і культуры, археалагічных і этнаграфічных даследаваннях, сацыяльна-эканамічным развіцці, ваенных падзеях на тэрыторыі раёна. А таксама закранулі пытанні мемарыялізацыі гістарычнай памяці, турыстычнага і краязнаўчага патэнцыялу рэгіёна.
Другі дзень працы канферэнцыі адкрые круглы стол, падчас якога абмяркуюць культурную спадчыну Талачыншчыны. Удзельнікі мерапрыемства наведаюць з экскурсіяй гарадзішча Друцк, дзе ў XI–XVI стагоддзях было Друцкае княства з цэнтрам у горадзе Друцку, азнаёмяцца з вытворчай базай Талачынскага кансервавага завода, які ўваходзіць у склад Навукова-практычнага цэнтра НАН па бульбаводстве і пладаводства.
"Віцебскія весці"