Новы мікрараён індывідуальнай забудовы з'явіцца на паўднёвай ускраіне Віцебска

Новы мікрараён індывідуальнай забудовы Аксанаўка на 383 дамы з'явіцца на паўднёвай ускраіне Віцебска, паведаміла галоўны архітэктар праекта інстытута "Віцебскграмадзянпраект" Людміла Косабука.

Праектуемы мікрараён плошчай 95,7 га размешчаны за 5 км ад цэнтра Віцебска на левым беразе ракі Лучоса. Участак будзе забудоўвацца у два этапы да 2037 года. Пры поўным асваенні тэрыторыі колькасць насельніцтва мікрараёна перавысіць 1,5 тыс. чалавек, а аб'ём жыллёвага фонду складзе 38,3 тыс. кв.м.

На першым этапе, разлічаным да 2027 года, плануецца забудаваць 251 участак, у тым ліку праект прадугледжвае каля 170 дамоў, у якіх для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы будзе выкарыстоўвацца электраэнергія. Другі этап прадугледжвае асваенне 132 участкаў. Рэалізацыя праектных рашэнняў будзе залежаць ад эканамічных магчымасцей і зацікаўленасці інвестараў у дадзеным будаўніцтве.

Зямельныя ўчасткі для ўзвядзення сядзібных дамоў плануецца прадастаўляць як тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, так і праз рэалізацыю на аўкцыёнах. Па ацэнцы спецыялістаў, першыя таргі могуць прайсці не раней, чым праз 1,5-2 гады пасля зацвярджэння горадабудаўнічага праекта дэталёвага планавання. Праектуемы мікрараён размешчаны на складаным рэльефе з перападам вышынь да 20 м, што робіць больш працаёмкім працэс інжынернай падрыхтоўкі тэрыторыі, у прыватнасці, па водазабеспячэнні і бытавой каналізацыі.

Згодна з горадабудаўнічым праектам, нароўні з у участкамі пад сядзібныя дамы прадугледжаны тэрыторыі для грамадскай забудовы і азелянення агульнага карыстання. У новым мікрараёне мяркуецца пабудаваць дзіцячую дашкольную ўстанову на 75 месцаў, аб'екты гандлю, грамадскага харчавання і сэрвісу, фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам, а таксама ўзводзіць інфраструктуру для адпачынку і забавы.

Праектуемы раён з астатняй часткай горада звяжуць два віды грамадскага транспарту: аўтобус і маршрутнае таксі. Акрамя таго, прапануецца абсталяваць веладарожкі па асноўных вуліцах, якія звязваюць усе бакі мікрараёна з цэнтрам.

Градабудаўнічае развіццё праектуемай тэрыторыі дазволіць павысіць эфектыўнасць выкарыстання гарадской зямлі, стварыць аптымальныя ўмовы пражывання і адпачынку насельніцтва, удасканаліць архітэктурна-эстэтычны аблік Віцебска.