Абласная выстава «100 ідэй для Беларусі» сабрала ў Віцебску больш за 50 праектаў
Маладзёжнай тэрыторыяй інавацый і ініцыятыў стаў віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі. У абласным туры конкурсу свае распрацоўкі прэзентавалі школьнікі, гімназісты і працуючая моладзь.
– Праз раённыя адборачныя туры прайшло больш за 200 праектаў. Да ўвагі экспертнага савета прадстаўлены распрацоўкі, якія ахапілі практычна ўсе сферы жыцця: аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства, ахову здароўя, экалогію, сацыяльную сферу і іншыя, – адзначыў першы сакратар абкама БРСМ Уладзімір Бабічаў. – Галоўнае, на што мы акцэнтуем увагу, кожны праект павінен знайсці месца рэалізацыі. Таму мы падабралі экспертны склад з розных сфер, якія змогуць узяць шэфства над геніяльнымі ідэямі юных наватараў.
На абарону сваіх работ наватарам давалася пяць хвілін, каб прэзентаваць распрацоўку і адказаць на пытанні экспертаў. Так, Лізавета Іванова пад кіраўніцтвам педагогаў Яўгена Крупніка і Наталлі Сушынскай з Кастрычніцкай СШ Віцебскага раёна ім. І. Собалева прыдумалі асабісты экскурсавод «СамСабеГід». З дапамогай віртуальнай экскурсіі ў дадатку можна падарожнічаць па месцах гістарычнай памяці, даведацца пра мемарыяльныя комплексы, славутасці, пракласці да іх маршрут.
«Ветлівую урну» прадставіў навучэнец Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Сяргей Саханкаў.
– Корпус складаецца з пластыкавага кантэйнера з рухомай вечкам, у якой усталяваны датчык руху. Калі паднесці да яе руку, урна адкрыецца, каб выкінуць смецце, а падчас закрыцця вечка ветліва скажа «дзякуй», – расказаў Сяргей.
Навучэнцы Станіслаў Кляпіцкі, Андрэй Аксёненка СШ № 2 з Дуброўна разам са студэнтам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Е. Полацкай распрацавалі «Аркестр LEGO-робатаў», які прадугледжвае гастролі па школах Беларусі з выступленнем аркестра з LEGO-робатаў і майстар-класамі, на якіх кожны гледач навучыцца праграмаваць робата-музыканта.
Імёны пераможцаў, якія пройдуць у рэспубліканскі фінал праекта «100 ідэй для Беларусі», члены журы назавуць сёння падчас падвядзення вынікаў.
"Віцебскія весці"