Абласны семінар па пытаннях пасяўной і ўборкі кукурузы на сілас прайшоў у Дубровенскім раёне
У выязным мерапрыемстве на тэрыторыі Дубровенскага раёна прынялі ўдзел начальнікі райсельгасхарчаў, начальнікі аддзелаў па раслінаводстве і іх намеснікі, адказныя работнікі аблсельгасхарча.
– З сённяшняга дня пачаліся аптымальныя тэрміны сяўбы азімых збожжавых культур, – адзначыў Сяргей Ягораў. – Для Віцебшчыны гэта асабліва важна, паколькі азімыя збожжавыя нам заўсёды даюць асноўны ўраджай у агульным валавым зборы збожжавых. Сёлета даведзены план 230 тыс. га, і мы на семінары яшчэ раз абазначаем важнасць моманту, ставім канкрэтныя задачы перад кожным раёнам. Тры найважнейшыя моманты – тэрміны, якасць сяўбы і насенны матэрыял. Не ва ўсіх гаспадарках сёння ідзе планамернае абнаўленне сартоў. Безумоўна, не выпускаем з-пад увагі нарыхтоўку кармоў. Улічваючы тое, што тут назіраецца адставанне да мінулага года, важна, каб работы не спыняліся ні на адзін дзень. Час у палявых работах зараз напружаны, і трэба прыкласці ўсе намаганні, каб усё зрабіць якасна і ў тэрмін.
У Дубровенскім раёне ўраджайнасць – адна з лепшых у вобласці, а кіраўніцтвам заўсёды выконваюцца ўсе даведзеныя планы. Гэта адзначыў кіраўнік камітэта.
– Тут збожжавыя ў агульным кліне ворнай зямлі займаюць больш за 50%. А гэта гаворыць пра тое, што людзі нацэлены на атрыманне выніку. Адчуваецца, што ў раёне арганізацыя работ на належным узроўні – на выкананне пастаўленых задач мабілізаваны ўсе, – дадаў Сяргей Ягораў.
На палях ААТ «Баброва-Агра» ўдзельнікі семінара змаглі ацаніць арганізацыю сяўбы азімага ячменю, прааналізаваць нюансы яго вырошчвання. Асаблівасці ўборкі кукурузы і нарыхтоўкі сіласу абмеркавалі ў СХФ ім. Ю.Смірнова Аршанскага КХП.
Фота Вольгі Хаецкай, "Віцебскія весці".