Каля 20 тыс. дзяцей у Віцебскай вобласці прышчэплены ад COVID-19

У Віцебскай вобласці ад COVID-19 прышчэплены каля 20 тыс. дзяцей ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў. Пра гэта паведаміў галоўны ўрач Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзімір Сінкевіч.
Вакцынацыя ад каронавіруса ў Віцебскай вобласці працягваецца дастаткова актыўна. Па аператыўных даных на 19 верасня, поўны курс ужо прайшлі 72% жыхароў паўночнага рэгіёна, або больш за 772 тыс. чалавек. Для дарослага насельніцтва выкарыстоўваюцца прэпараты "Спутник Лайт" і "Гам-Ковид-Вак". Цяжарныя жанчыны, маці, якія кормяць, а таксама дзеці атрымліваюць вакцыну "Сінафарм". У узроставай катэгорыі ад 5 да 17 гадоў у паўночным рэгіёне прышчэпку атрымалі каля 20 тыс. дзяцей. "Актамі тэмпамі ідзе бустарная вакцынацыя. Усяго па вобласці яе прайшлі больш за 393 тыс. чалавек, што складае 56,6% ад кантынгенту, які падлягае. Кожны раён на гэтым этапе працуе добра", - адзначыў Уладзімір Сінкевіч.

Па яго словах, традыцыйна ў першы восеньскі месяц назіраецца рост захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі. "Павелічэнне звязана з асаблівасцямі перыяду. У верасні дзеці вяртаюцца ў садкі і школы, маладыя людзі - у ссузы і ВНУ, дарослыя выходзяць на працу з адпачынкаў, - растлумачыў галоўны ўрач. - Медыцынскія работнікі накіроўваюць свае намаганні на мінімізацыю рызык захворвання і наступстваў, якія могуць узнікнуць пасля перанесенай інфекцыі. Вакцынацыя ў гэтай працы мае ключавую ролю". Па словах спецыяліста, не варта забываць і аб выкананні сацыяльнай дыстанцыі ў грамадскіх месцах і рэспіраторным этыкеце.

Медработнікі працягваюць праводзіць тлумачальную працу сярод насельніцтва паўночнага рэгіёна, сустракаюцца з працоўнымі калектывамі, арганізуюць выязныя пункты вакцынацыі. Таксама ў вобласці вядзецца падрыхтоўка да прышчэпачнай кампаніі супраць грыпу, якая пачнецца ў бліжэйшыя дні.

"БЕЛТА"