Орша гасцінна прыняла эстафету "Полымя міру" II Еўрапейскіх гульняў і перадала яе Магілёўскай вобласці

Орша гостеприимно приняла эстафету "Пламя мира" II Европейских игр и передала ее Могилевской области
29 мая Орша стала цэнтрам адной з найбольш яркіх спартыўных падзей Еўропы. Сюды прыбыў агонь эстафеты «Полымя міру» II Еўрапейскіх гульняў.

Больш за 500 навучэнцаў устаноў адукацыі горада, сотні аршанцаў сустракалі яе каля езуіцкага калегіума, каб стаць удзельнікамі спартыўнага свята. Але спачатку дэлегацыя, якая пераадолела на сваім шляху восем краін, прайшла па тэрыторыі горадаўтваральнага прадпрыемства рэгіёна – Аршанскага льнокамбіната. Права пранесці «Полымя міру» выпала ўраджэнцу Аршаншчыны, дырэктару па камерцыйных пытаннях ТАА «Кіно Маяк» Алегу Троніку.

Калектыў льнокамбіната з нецярпеннем чакаў перадачы эстафеты.

– Сустракаючы «Полымя міру», мы хочам падтрымаць нашых спартсменаў, якім зусім хутка трэба будзе абараняць колеры беларускага сцяга на II Еўрапейскіх гульнях, – адзначыла старшыня прафкама Аршанскага льнокамбіната Алена Кавецкая. – Ад прафсаюза мы арганізуем паездку – 29 чэрвеня адправімся на фінальныя спаборніцтвы па спартыўнай гімнастыцы. Здароўя, цягавітасці і перамог усім нашым атлетам!

Права пранесці агонь па вуліцах горада атрымалі прадстаўнікі розных сфер, якія дасягнулі высокіх вынікаў у сваёй дзейнасці, праславілі рэгіён і краіну. Гэта майстар спорту, член паралімпійскай беларускай зборнай па плаванні, уладальнік чорнага пояса па каратэ Аляксей Талай, чэмпіён Еўропы да васьмі гадоў па класічных шахматах, чэмпіён свету па хуткіх шахматах, член нацыянальнай зборнай Міхей Навуменка, мастак, прадстаўнік Беларусі на Венецыянскай біенале ў 2017 годзе Раман Заслонаў і многія іншыя.

– Гэта запамінальнае свята спорту, салідарнасці і дружбы для ўсёй краіны і кожнага горада, праз які праходзіць эстафета, – сказала аршанка, пераможца міжнародных фестываляў, уладальніца сярэбранага медаля X адкрытых моладзевых Дэфійскіх гульняў дзяржаў-удзельніц СНД 2015 года, удзельніца ўзорнай цыркавой студыі «Арэна» Алёна Клімовіч.

Увечары эстафета «Полымя міру» з чыгуначнага вакзала ў Оршы адправілася ў Магілёўскую вобласць.

"Віцебскія весці".