«ОршаСырЗавод» нарошчвае вытворчасць марожанага перад летнім сезонам
Адзін з найбуйнейшых вытворцаў марожанага ў Віцебскай вобласці — УП «АршаСырЗавод» — нарошчвае аб'ёмы вытворчасці напярэдадні веснава-летняга перыяду.
Цяпер у цэху за змену выпрацоўваюць 2600 кг салодкага ласунку, у бліжэйшы час у двухзменным рэжыме з канвеера будзе штодня сыходзіць больш за 5 тон марожанага – эскімо, у шкляначках, ражках, вагавае або сэндвіч. Усяго ў гарачы сезон у асартыменце прадпрыемства – каля 90 відаў марожанага.
– Усё залежыць ад попыту, – расказаў дырэктар прадпрыемства Сяргей Герасімец. – Працуюць дзве лініі па вытворчасці марожанага. Адна выпускае вагавае і эскімо, другая – у вафельным ражку і шклянцы. Прыкладна 20% прадукцыі экспартуем у асноўным у Расійскую Федэрацыю, астатняе рэалізуем у Беларусі.
Сёлета долю экспарту плануюць павялічыць больш чым на 40%. Заключаюцца новыя дагаворы з адной з гандлёвых сетак Расіі на пастаўку марожанага і сыроў ад «АршаСырЗавода» (апошніх тут вырабляюць каля 100 тон штогод).
Любімы ўсімі ласунак вырабляюць па праверанай гадамі тэхналогіі. Да прыкладу, смачная сумесь для эскімо ў спецыяльных танкках выспявае ад 6 да 12 гадзін. Потым насычаецца бурбалкамі паветра ў фрызеры. На канвеер пры тэмпературы мінус пяць градусаў марожанае падаецца мяккім, аўтаматычна запраўляецца палачкамі і пасля акунаецца ў шакаладную глазуру. Яна застывае ўсяго за 20 секунд, пасля чаго прадукт пакуюць і адпраўляюць у маразільную камеру. Ужо адтуль дэсерт разлятаецца па гандлёвых кропках.
Начальнік цэха Ірына Гарбатоўская прызналася, што сама аддае перавагу традыцыйнаму пломбіру, вырабленаму па класічным рэцэпце. На прадпрыемстве яна працуе 40 гадоў і ведае пра марожанае ўсё і нават больш, таму смела сцвярджае, што склад аршанскага марожанага – асаблівы гонар.
– Мы адны са нямногіх вытворцаў, хто выкарыстоўвае толькі натуральныя інгрэдыенты: малако свежае, вяршкі, якія сепарыруем самі, масла сметанковае, малако суцэльнае згушчонае з цукрам, какава-парашок, сухое малако, – расказвае спецыяліст. – Як толькі наступяць прыдатныя цёплыя дні, будзем вырабляць шербет – замарожаны ягадны дэсерт на аснове пладова-ягаднага пюрэ і малака.
Як сыравіна, так і гатовая прадукцыя «АршаСырЗавода» праходзяць дбайнае кантроль якасці. За гэтым сочыць хімік вытворчай лабараторыі Вольга Шарановіч. Яна ганарыцца і з цеплынёй успамінае, як частавала марозівам Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнку падчас яго візіту ў Аршанскі раён у ліпені мінулага года.
– Кіраўнік дзяржавы дэгуставаў гатовую прадукцыю агракамбіната «Юбілейны» і іншых прадпрыемстваў Аршанскага раёна. У тым ліку нашу, – расказала Вольга. – Я прапанавала Аляксандру Рыгоравічу паспытаць марозіва «Як раней» у вафельным шкляначцы. Ён сказаў, што гэта сапраўдны смак дзяцінства.
Малако для смачнага дэсерту тут выкарыстоўваюць толькі класа «экстра». Штогод цэх цешыць навінкамі. Марозіва гатуюць з джэмам, ягадамі, ваніллю, арахісам, разынкамі, курагой, шакаладнымі дробсамі, халвой, какава, печывам, у глазуры і без, у шкляначках, ражках і сэндвічах – выбар багаты.