Ад Гродна — Віцебску: Віцебск прымае эстафету маладзёжнай сталіцы Рэспублікі Беларусь

На базе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў рамках правядзення Рэспубліканскага свята «Віцебск – Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь – 2022» прайшлі майстар-класы ад прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў ВДУ.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел члены грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета, прадстаўнікі прафкамаў студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі, сакратары пярвічных арганізацый ГА «БРСМ» ВНУ, маладыя паслы Мэт устойлівага развіцця, старшыні самакіравання сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі, працуючая моладзь, маладыя парламентарыі і навукоўцы, фіналісты рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года», прарэктары ўстаноў вышэйшай адукацыі па выхаваўчай рабоце, спецыялісты па рабоце з моладдзю.

У галоўным корпусе ВДУ прадстаўнікі факультэтаў правялі разнастайныя па тэматыцы майстар-класы. Сярод іх: «крыміналістычная лабараторыя», «інтэлектуальны квіз па міжнародным праве», «майстар-клас па каліграфіі», «майстар-клас па кітайскім жывапісе», «чайная цырымонія», «вектар дабрыні», «асабісты брэнд», «беларускае золата», «магія керамікі», «прэзентацыя праекта ў віртуальным асяроддзі», «таямніца паднебеснай», «станцуем разам», «VR-квест».

Да прыкладу, студэнты факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый падрыхтавалі насычаную праграму, дзе расказалі пра традыцыі чайнай цырымоніі, асаблівасці кітайскага пісьма, а таксама далі магчымасць прымерыць на сябе ролі каліграфа. У межах майстар-класа «Крыміналістычная лабараторыя» прайшлі курсы па вывучэнні адбіткаў пальцаў.

Удзельнікі мерапрыемства атрымалі зарад станоўчых эмоцый, набраліся вопыту ад сваіх калег і натхніліся на новыя творчыя дасягненні.
Далей у праграме Рэспубліканскага свята "Віцебск - маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь -2022" наведванне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа.

"Віцебскія весці"