Адпачынак на прыродзе. Якія варыянты прапануюць аграэкасядзібы Віцебскай вобласці?
– Адзін з найбольш яркіх прыкладаў працы аграсядзіб на Віцебшчыне – аграэкатурыстычны кластар «Вялісаў шлях» у Глыбоцкім раёне, – падкрэсліла Вольга Фёдарава. – Там прадастаўляюць шырокі спектр паслуг, напрыклад, нацыянальная кухня, міні-заапарк, майстар-клас па сыраварэнні, катанне на сабачых запрэжках, пляценне сувеніраў і гэтак далей.
Таксама суразмоўніца прывяла і некаторыя іншыя прыклады эфектыўнай працы аграсядзіб.
Так, у «Вусці Лайф» (Браслаўскі раён) прапануюць анімацыйны маршрут з квэстам «Рустягоўскі шлях». Ён уключае займальны паход па наваколлі вёскі Вусце з пошукам скарбаў па старажытных картах, пляценне абярэгаў, вывучэнне старых газет і старабеларускіх танцаў. У рамках святкавання народнага свята «Купалле» ў аграсядзібе праходзяць майстар-класы па пляценні купальскага вянка, гульні, конкурсы, купальскія песні, карагод вакол вогнішча і пусканне вянкоў па рацэ.
На базе аграсядзібы «MOTO REZERVATION» Сенненскага раёна рэгулярна праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя падзеям часоў Вялікай Айчыннай вайны, у прыватнасці, танкаваму змаганню «Лепельскі контрудар», мотафестывалі і экстрым-спаборніцтвы, у тым ліку па сілавых відах спорту.
Дарэчы, інфармацыя аб аграсядзібах Віцебскай вобласці, мерапрыемствах, якія ў іх праводзяцца, рэгулярна размяшчаецца на афіцыйных сайтах аблвыканкама, райвыканкамаў, у сацыяльных сетках і мэсэнджарах. Таксама ўладальнікі сядзіб рэкламуюць свае паслугі на міжнародных турыстычных выстаўках у Беларусі і за мяжой.
І праца па прасоўванні такога адпачынку прыносіць плён. Так, за мінулы год аграэкасядзібы Віцебшчыны наведалі госці з 18 краін. Больш за ўсё было адпачывальнікаў з Беларусі, на другім месцы – з Расіі, на трэцім – з Латвіі. Акрамя таго, рэгулярна прыязджаюць госці з Кітая, Германіі і некаторых іншых краін далёкага замежжа.
Даведка: У Віцебскай вобласці зарэгістравана 162 суб'екты аграэкатурызму і 167 аграэкасядзіб. Больш за ўсё такіх сядзіб працуе ў Глыбоцкім (32), Пастаўскім (27), Віцебскім (18) і Мёрскім (14) раёнах.