Першая партыя камбайнаў пасля аднаўленчага рамонту адправілася ў гаспадаркі Віцебскай вобласці
Віцебскае прадпрыемства першым у Беларусі асвоіла такі від дзейнасці, у выніку чаго складаная сельскагаспадарчая тэхніка фактычна атрымлівае другое жыццё. Новае для Віцебшчыны пачынанне вырашылі адзначыць урачыста з удзелам кіраўнікоў камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні, дзяржаўнага аб'яднання «Віцебскі канцэрн «Мяса-малочныя прадукты», аграсэрвісных прадпрыемстваў вобласці.
Перадача тэхнікі прайшла на пляцоўцы акцыянернага таварыства. Атрымаўшы камплекты дакументаў у афіцыйнай абстаноўцы, механізатары яшчэ раз адчулі значнасць моманту, усвядомілі ступень адказнасці за давераныя ім складаныя механізмы. Невыпадкова, напутваючы ўдзельнікаў цырымоніі, намеснік старшыні аблсельгасхарч Міхаіл Прыдыбайла звярнуў увагу інжынерных службаў гаспадарак на важнасць тэхнічнага абслугоўвання, заклікаўшы механізатараў узвесці ў ранг закона якасны сэрвіс, каб «машыны, якія маюць рэсурс, аддалі па максімуме гэты рэсурс у працэсе працы на палях».
Ініцыятыва па арганізацыі аднаўлення складанай тэхнікі, якая падлягае спісанню, належыць намесніку старшыні аблвыканкама Барысу Ефрэмаву. На рашэнне важнай задачы абнаўлення парку машын удалося знайсці сродкі з абласнога бюджэту. Па словах старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргея Ягорава, з пачатку 2021 года на гэтыя мэты выдзелена каля 5 млн рублёў. Для параўнання Сяргей Васільевіч прывёў такія дадзеныя: купля такой жа колькасці новых машын абышлася б гаспадаркам прыкладна ў 2 разы даражэй.
Выгада відавочная. Таму прадпрыемствы Віцебшчыны нацэленыя нарошчваць магчымасці па правядзенні аднаўленчага рамонту. Сёння брыгады «Заходне-Дзвінскага міжраёнагратэхсэрвісу» вяртаюць да жыцця чарговыя 4 машыны. Акрамя таго, ужо сфарміравана рамонтная праграма на 28 адзінак толькі кормаўборачнай тэхнікі. У перспектыве прадпрыемства павінна кожны месяц рамантаваць па 5-6 камбайнаў. У асноўным гаворка ідзе пра мадэлі КВК -800 і КВК-8060 — на гэтыя машыны кладзецца асноўная нагрузка па корманарыхтоўцы.
Усяго ж з пачатку 2021 года спецыялізаванымі прадпрыемствамі адрамантавана каля 200 адзінак сельгасмашын і механізмаў, уключаючы касілкі, агрэгаты для ўнясення ўгнаенняў і г.д. Вопыт і напрацоўкі Віцебшчыны па арганізацыі аднаўленчага рамонту сельгастэхнікі станоўча ацэнены Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання падчас нядаўняга рэспубліканскага семінара-нарады, што прайшоў на базе ААТ «Віцебскі маторарамонтны завод».