Першая ў Віцебскай вобласці Школа міру адкрылася ў Гарадку
Апошнія два гады ўстанова адукацыі шмат намаганняў накіроўвала на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, была праведзена рэканструкцыя музея народнай славы, рабяты разам з педагогамі дапамагалі ветэранам, удзельнічалі ў добраўпарадкаванні, рэканструкцыі помнікаў і воінскіх пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай, вялі пошукавую работу, чым і апраўдалі прысваенне такога ганаровага статусу.
На ўрачыстасці, у прысутнасці ганаровых гасцей, 20 юнакоў і дзяўчат атрымалі званне юных міратворцаў, вымавілі клятву і запусцілі ў неба белых галубоў – сімвал веры і надзеі на мірнае сучаснасць і будучыню.
–Дадзеная ініцыятыва рэалізуецца ў рэспубліцы праз раённыя і абласныя аддзяленні Беларускага фонду міру. Школы міру ўжо створаны на Гомельшчыне, у Мінску, і было б няправільна, калі б яе не арганізавалі ў Віцебскай вобласці, якая моцна пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Паступова яны з'явяцца і ў іншых кутках рэгіёна. Так, ужо выказалі зацікаўленасць Міёры, Глыбокае, Шаркаўшчына. Праект садзейнічае ўмацаванню міру і бяспекі, выхоўвае ў дзецях агульначалавечыя каштоўнасці гуманізму і спачування. Гэта тое, што Фонд міру ставіць сваімі прыярытэтамі, – адзначыла значнасць ініцыятывы старшыня абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Таццяна Тумановіч.
Адкрыццё школы адбылося ў рамках міжнароднага злёту юных пасланцаў міру, які арганізаваны на Віцебшчыне ўпершыню і аб'яднаў дзяцей з Гарадоцкага, Шумілінскага раёнаў і горада Дзянeва Маскоўскай вобласці. Інтэрнацыянальнай пляцоўкай паслужыў прыгарадны аздараўленчы лагер «Арыён» у вёсцы Кабішчы. З 20 па 22 верасня школьнікі з Беларусі і Расіі абменьваліся думкамі, жылі насычаным грамадскім жыццём.
Дэлегацыі дзвюх краін, у тым ліку ўдзельнікі злёту, прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый адкрылі алею дружбы юных пасланцаў міру, прынялі ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі, інтэлектуальным турніры, наведалі месцы баявой і воінскай славы Гарадоцкага раёна.
Сімвалічна, што мерапрыемствы прайшлі менавіта 21 верасня – у Міжнародны дзень міру, а таксама ў асаблівы для Гарадоцкага раёна і рэгіёна ў цэлым год.
– Літаральна праз два тыдні Віцебшчына пачынае святкаваць 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У кастрычніку знамянальную дату адзначыць Ліёзна, у снежні – Гарадоцкі раён. Таму невыпадкова, што менавіта цяпер стартаваў такі маштабны праект па патрыятычным выхаванні моладзі, які набывае міжнароднае значэнне, – адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. – У цяперашні няпросты час, калі па свеце грымяць стрэлы, вельмі важна аб'яднацца, як гэта зрабілі школьнікі з Беларусі і Расіі, якія прынялі ўдзел у першым злёце юных пасланцаў міру. Мы памятаем гістарычнае мінулае, якое нас аб'ядноўвае, а таксама разумеем, што будучыня – у міры, добрасуседстве і памяці аб тых людзях, якія загінулі, абараняючы нашы землі ў гады вайны.