Першы моладзевы экіпаж-тысячнік ушанавалі ў Віцебскай вобласці

У Віцебскім раёне ўшанавалі моладзевы экіпаж у складзе Аляксандра Фёдарава і Канстанціна Драбо з агракомплекса імя М.Ф.Сільніцкага Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, якія першымі ў вобласці намалацілі звыш 1 тыс. т збожжа.

Канстанцін Драбо — малады спецыяліст, прыехаў на адпрацоўку ў агракомплекс пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа. Экіпаж сёння працуе на палях недалёка ад вёскі Тарасенкі — роднага сяла Канстанціна.

Па словах хлопца, працаваць ва ўборачную яму нескладана, хоць і ўстае ў 6.30 і прыходзіць дадому пасля 22.00. «Праходзіў у гаспадарцы практыку і вырашыў застацца на адпрацоўку. Прынялі мяне добра, ды і да дома бліжэй, ведаю ўсіх», — сказаў 18-гадовы Канстанцін.

Яго калегу Аляксандру Фёдараву 30 гадоў, працуе ў гаспадарцы каля сямі гадоў. У яго гэта другая ўборачная ў кар'еры. «З Косцем працуецца нармальна. Малады, вядома, яшчэ трэба падказваць, дапамагаць. Для мяне ва ўборцы збожжа ўсё лёгка, праца ў сельскай гаспадарцы па душы», — дадаў ён.

Дырэктар агракомплекса імя М.Ф.Сільніцкага Ігар Лук'янаў распавёў, што сёлета ў гаспадарцы ўраджайнасць вышэйшая за леташнюю — 42 ц/га. Убрана 40% з 6 тыс. га пасеваў, у палях задзейнічана 14 камбайнаў. «У агракомплексе ёсць хлопцы з маніякальным імкненнем працаваць, яны рвуцца ў бой, што часам і тэхніка не вытрымлівае», — распавёў ён. Да сённяшняга вечара малады экіпаж можа сабраць ужо 1,4 тыс. т.

На палетку маладых аграрыяў прывіталі першы сакратар Віцебскага абкама БРСМ Уладзімір Бабічаў і начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Новіцкая. Яны ўручылі ім граматы і падарункі, падзякавалі работнікаў за працу ў гарачыя дні і пажадалі хутчэй пераадолець намалот у 2 тыс. т.

У Віцебскай вобласці на раніцу 29 ліпеня ўбрана 106,5 тыс. га збожжавых і зернебабовых культур з 344,8 тыс. га засеяных плошчаў. У Беларусі ва ўборачнай кампаніі задзейнічаны 517 маладзёжных экіпажаў, з іх ужо вызначыліся сем тысячнікаў. Маладыя аграрыі на сённяшні дзень убралі больш за 97 тыс. т збожжа.-0-

БЕЛТА.