Першы абласны форум замесных сем'яў у Віцебску абазначыў праблемы і тэндэнцыі прыёмнага бацькоўства
Як паведаміла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Алена Багдановіч, сёння 76% дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, знаходзіцца на сямейных формах выхавання. Колькасць прыёмных сем'яў на Віцебшчыне з 2001 года павялічылася ў 11 разоў, цяпер іх налічваецца больш за паўтысячы і яны выхоўваюць 835 дзяцей. Акрамя таго, функцыянуе 31 дзіцячы дом сямейнага тыпу, пад дахам якога растуць больш за 220 хлопчыкаў і дзяўчынак. Усё больш людзей гатовыя прыняць у сям'ю чужое дзіця як роднае: за апошнія два гады 94 сіроты з Віцебскай вобласці ўсыноўлены беларускімі грамадзянамі.
Павелічэнне колькасці замяшчальных сем'яў узаемазвязана са скарачэннем інтэрнатных устаноў. Сёння ў рэгіёне дзейнічаюць толькі дзве школы-інтэрнаты і столькі ж дзіцячых дамоў. У Докшыцкім, Лепельскім, Шаркаўшчынскім раёнах усе зноў выяўленыя дзеці-сіроты адразу вызначаны ў замяшчальныя сем'і.
Каб дамагчыся гэтага, давялося папрацаваць не адзін год і не аднаму ведамству. Пры гэтым некаторыя праблемныя моманты застаюцца.
– На жаль, мае месца вяртанне сірот з замяшчальных сем'яў у інтэрнатныя ўстановы, у мінулым годзе было 13 такіх дзяцей. Былі адхілены апекуны ў сувязі з неналежным выкананнем сваіх абавязкаў у дачыненні да васьмі непаўналетніх. Сем дзяцей зноў страцілі сям'ю ў выніку адмены ўсынаўлення. Да суб'ектыўных прычын у некаторых выпадках можна аднесці памылкі спецыялістаў у вызначэнні кандыдатаў на ролю прыёмных бацькоў. Стварэнне і суправаджэнне замяшчальнай сям'і – гэта не фармальная працэдура, а працяглы сістэмны працэс. Таму пры падрыхтоўцы кандыдатаў у замяшчальныя сем'і неабходна ўлічваць рызыкі, правільна ацэньваць вопыт, узровень псіхалагічнай, педагагічнай пісьменнасці людзей, якім на выхаванне перадаюцца дзеці са складанымі паводніцкімі асаблівасцямі, – адзначыла Алена Багдановіч.
Сярод цяжкасцей, з якімі сутыкаюцца прыёмныя бацькі, не лічачы прыціркі на пачатковым этапе трапляння дзяцей у сям'ю, – нізкая матывацыя да вучобы, дэвіянтныя паводзіны падапечных, праблемы ўзаемадзеяння ў падлеткавым узросце.
Ад складасцей не застрахаваны нават прыёмныя бацькі з шматгадовым стажам. Так, Алена Дзівак з Віцебскага раёна амаль 30 гадоў выхоўвае чужых дзяцей. Прызванне яе як прыёмнай мамы вызначыла няшчасце ў сям'і: родная сястра памерла, пакінуўшы сямерых дзяцей. Дзівак тады гадавала двух родных дзяцей, але кінуць на волю лёсу пляменнікаў не змаглі, узялі да сябе. Пазней муж і жонка вырашылі стаць бацькамі-выхавальнікамі дзіцячага дома сямейнага тыпу. За ўвесь час прыёмная мама выпусціла ў дарослае жыццё 30 дзяцей. Цяпер яна з мужам выхоўвае 8 дзяцей.
– Як правіла, дзеці, якія прыходзяць у нашу сям'ю, хутка адаптуюцца. У зносінах з імі ў асноўным абапіраюся на свой матчын досвед, але былі выпадкі, калі патрабавалася кансультацыя псіхолага. У нашай сям'і з'явіліся два складаныя хлопчыкі дашкольнага ўзросту. Адным, на жаль, былі вымушаны аддаць у Бегамльскую дапаможную школу-інтэрнат Докшыцкага раёна. Другі хлопчык ужо вучыцца ў другім класе, валодае фенаменальнай памяццю, але вельмі непрыемны ў зносінах, патрабуе шмат увагі, – падзялілася Алена Віктараўна. – Радуе, што ёсць цесны кантакт са школай, аддзелам адукацыі і іншымі службамі, якія дапамагаюць у вырашэнні складаных пытанняў, дзе адной жыццёвай мудрасцю не абысціся.
Дарэчы, на ўзаемадзеянне дзяржаўных структур і замяшчальных сем'яў звярнуў увагу старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў.
– Вырашэнне праблем прыладкавання дзяцей-сірот і тых, хто застаўся без апекі бацькоў, а таксама абарона іх правоў і інтарэсаў, паўнавартасная рэабілітацыя, сацыялізацыя і паспяховая інтэграцыя ў грамадства з'яўляюцца аднымі з найважнейшых напрамкаў сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы, якая эфектыўна рэалізуецца ў першую чаргу праз развіццё сямейных формаў прыладкавання. Сям'я – найбольш спрыяльнае асяроддзе для выхавання здаровай асобы, бо валодае сур'ёзнай перавагай у сацыялізацыі дзіцяці, прылучэнні яго да агульначалавечых каштоўнасцей, маральных і культурных нормаў паводзінаў, – падкрэсліў кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебскай вобласці.
– Першы абласны форум замяшчальных сем'яў дапамог абмеркаваць найбольш актуальныя праблемы сацыяльнага сіроцтва, абароны правоў дзяцей-сірот і тых, хто застаўся без апекі бацькоў, арганізаваць дыялог паміж прадстаўнікамі розных ведамстваў, абмяняцца станоўчым вопытам працы прыёмных бацькоў і прыняць рэзалюцыю, якая вызначыць арыенціры для далейшага развіцця і ўмацавання інстытута замяшчальных сем'яў у Віцебскай вобласці. Няма сумневаў, што форум будзе мець працяг.