Першым экіпажам-тысячнікам у Віцебскай вобласці сталі бацька і сын Лапцінскія

У Аршанскім раёне сёння ўшанавалі першы экіпаж-тысячнік з гаспадаркі "Межаво-Агра". У цырымоніі прынялі ўдзел кіраўніцтва Віцебскай вобласці, Аршанскага раёна, прадстаўнікі аб'яднання прафсаюзаў.

Першымі ў паўночным рэгіёне пераадолелі тысячны намалот збожжавых бацька і сын Валянцін і Уладзіслаў Лапцінскія. Удваіх яны працуюць ужо чацвёрты сезон, ім даверылі магутную імпартную тэхніку. Старэйшы ў экіпажы - сын Уладзіслаў. "Трэба моладзь прасоўваць наперад, а я чым магу - дапамагу. Вырашылі, што ён будзе камбайнерам, а я памочнікам", - расказаў Валянцін Лапцінскі, які ў сельскай гаспадарцы ўжо 27 гадоў.

Уладзіслаў пачынаў памочнікам камбайнера яшчэ ў школьныя гады на канікулах. На працы яны з бацькам усё робяць разам і разумеюць адзін аднаго з паўслова. "Рана ўстаём і да позняга вечара. Надвор'е пакуль дазваляе зарабляць, таму працуем па максімуме", - дадаў сын.

Намеснік генеральнага дырэктара "Межаво-Агра" Дзмітрый Крукоўскі адзначыў, што тандэм Лапцінскіх адзін з лепшых, штогод займае лідзіруючыя месцы ў вобласці, іх ушаноўваюць на "Дажынках". "Яны адказныя работнікі, працуюць з раніцы да ночы: колькі можна згодна з тэхналогіямі ўбіраць, столькі яны гэта робяць", - сказаў Дзмітрый Крукоўскі. У "Межаво-Агра" сёлета да ўборкі 2080 га азімых і 1 тыс. га яравых культур. Добрую ўраджайнасць паказвае азімая пшаніца. Кожны дзень у поле выязджаюць дзевяць камбайнаў.

У Віцебскай вобласці на сённяшні дзень убралі амаль чвэрць плошчаў. Гэты год асабліва нетыповы ў параўнанні з леташнімі кампаніямі. "На сённяшнюю раніцу ўбралі 23,5% плошчаў, летась на гэту дату было 5%. Спецыфіка ў тым, што яшчэ паралельна наклалася ўборка азімага рапсу, збожжавых і нарыхтоўка кармоў. Усё гэта адбіваецца на нагрузцы спецыялістаў. Сярэдняя ўраджайнасць па рэгіёне - 29 ц/га, намалочана 237 тыс. т збожжавых. Штодня на палях задзейнічана каля 1,1 тыс. камбайнаў, на адвозцы збожжа - амаль 1,4 тыс. тэхнікі", - распавёў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Барыс Ефрэмаў. Дапамагаюць земляробам і работнікі прадпрыемстваў гарадоў. У вобласці выйсці на 70% убраных плошчаў плануюць да 10 жніўня.

Усяго ў Віцебскай вобласці зараз шэсць экіпажаў-тысячнікаў. Сёння таксама ўшанавалі камбайнера Аляксея Капашылава са СПК "Ларынаўка". Пасля абеду павіншуюць маладога вадзіцеля Дзмітрыя Іванова з ААТ "Віцебская бройлерная птушкафабрыка", які першым у паўночным рэгіёне перавез звыш 1 тыс. т збожжа. Характэрна, што сёння ён адзначае 30-годдзе.

Аляксей Капашылаў

БЕЛТА.