Плюс 5%: прадпрыемствы Віцебскай вобласці плануюць прыбавіць па экспарце

Санкцыі і лакдаўны – такія надзвычайныя меры не заўсёды становяцца перашкодай для развіцця партнёрскіх сувязяў паміж краінамі. Гэта даказалі віцябляне. Рост у паўтара раза і 2,5 мільярда долараў: такія вынікі працы прадпрыемстваў Віцебскай вобласці па знешнеэканамічнай дзейнасці ў мінулым годзе.

Начальнік упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Валянціна Глебко расказала аб планах прамыслоўцаў на бягучы год:

– Распрацаваны цэлы комплекс мер для далейшага развіцця эканамічнай галіны рэгіёну, – дзеліцца Валянціна Аляксандраўна планамі на найбліжэйшую перспектыву. – Асноўныя напрамкі знешняга гандлю: павелічэнне продажаў сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання на 6-8 працэнтаў, больш глыбокая перапрацоўка сыравіны як вынік будаўніцтва новых вытворчасцей, рост экспарту піламатэрыялаў на 8-10 працэнтаў за кошт мадэрнізацыі прадпрыемстваў «Віцебская лесапільня», «Акітама», «КімаБел».

На 10 працэнтаў плануюць эканамісты нарасці продаж за мяжу кабельнай прадукцыі – зрабіць гэта дазволіць дзяржпадтрымка, аказаная ТАА «ПРА «Энергакомплект». У геаграфіі паставак асноўны акцэнт – на краіны так званай далёкай дугі. Туды экспарт тавараў павінен узрасці з 8 да 9-10 працэнтаў.

"СБ"