Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Леўковіч правёў асабісты прыём грамадзян

Помощник Президента – инспектор по Витебской области Сергей Левкович провел личный прием граждан
За што звольнілі? Як узаконіць дом, які не належыць табе? Як пад'ехаць да ўласнае мясцовасці, калі суседка захапіла частку агульнай зямлі? Гэтыя і іншыя пытанні агучылі грамадзяне на асабістым прыёме, які правёў у аблвыканкаме памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч.

Ці ўсе спрэчныя пытанні можна вырашыць на прыёме? Наўрад ці на гэтае пытанне будзе адназначны адказ. Так атрымалася і ў выпадку з жыхаркамі Гарадоцкага раёна. Гадоў 15 таму яны актыўна дапамагалі суседу, інваліду 1-й групы, які напісаў даверанасць на маёмасць на іх імя. Але раптам памёр. Паколькі ў нябожчыка не было сваякоў, домам доўгі час карысталіся суседзі, якія захацелі ўстанавіць факт набывальніцкай даўнасці на нерухомую маёмасць. Звярталіся ў многія інстанцыі, але атрымлівалі адказ: зрабіць гэта магчыма, але праз суд, паколькі домаўладанне лічыцца ў рэестры за былым законным уладальнікам.

Выслухаўшы ўважліва заяўнікаў, Сяргей Ляўковіч адказаў таксама: набывальніцкую даўнасць можна ўстанавіць праз суд.

– Немагчыма прыняць рашэнне ў абыход існуючага заканадаўства. У той жа час вашу сітуацыю дадаткова вывучаць спецыялісты, калі спатрэбіцца, то далучацца адпаведныя міністэрствы, каб дашліфаваць нарматыўныя акты, – растлумачыў ён.

Жыхарка Бешанковічаў на прыёме ўздымала хвалюючыя не толькі яе пытанні, маўляў, прымусова прымушаюць людзей збіраць грашовыя сродкі на тыя ці іншыя патрэбы, што дзеці зрываюцца з заняткаў для ўдзелу ў раённых мерапрыемствах і многае іншае. Але за пастаноўкай гэтых пытанняў няўхільна прасочваўся факт звальнення жанчыны з працы за невыкананне ёю абавязкаў. Ды і сама заяўніца падкрэсліла, што з усімі працадаўцамі ў яе ўзнікалі канфлікты. Памочнік Прэзідэнта ўважліва вывучыць усе ўзнятыя ў звароце пытанні і даць адказ заяўніцы.

Прыём грамадзян не абышоўся без зямельнай спрэчкі. Віцяблянін мае дачны домік у садаводчым таварыстве «Звязда». Усё было нармальна да нядаўняга часу, калі суседзяка зазірнула на частку агульнай тэрыторыі і сантыметры зямлі, якія належаць заяўніку. У выніку цалкам перакрыты пад'езд да ўчастка.

Памочнік Прэзідэнта даў даручэнне зямельнай службе ўважліва разабрацца ў пытанні. Калі ранейшае рашэнне аб зямельных межах суседзяў супярэчыць законным патрабаванням заяўніка, то яго трэба перагледзець. І хоць пытанне яшчэ будзе вырашацца, віцяблянін выказаў задавальненне тым, што яго пачулі.

 

– Асабістыя прыёмы – гэта важны напрамак працы з насельніцтвам, – падкрэсліў Сяргей Леўковіч, падводзячы вынікі. – Гэта датычыцца ўсіх кіраўнікоў прадпрыемстваў і асабліва дзяржслужачых. На сістэмнай аснове праводзяцца такія сустрэчы: штомесяц адзін прыём у аблвыканкаме і адзін – выязны ў рэгіёнах вобласці. Грамадзяне ўздымаюць розныя пытанні, якія тычацца, напрыклад, маёмасных адносін. Тут ёсць пэўныя недапрацоўкі ў заканадаўстве, асабліва ў частцы набыцця паводле даўнасці ў межах Указа № 311, які ўнёс змены ва Указ № 200, што рэгламентуе адміністрацыйныя працэдуры. У мясцовых органаў улады на сённяшні дзень ёсць усе інструменты для вырашэння пытанняў па зямельных спрэчках суседзяў. Трэба знаходзіць шляхі і максімальна дапамагчы людзям. Тут асабліва важна быць уважлівым, паколькі нельга падыходзіць да спрэчных пытанняў аднабока, бо яны закранаюць інтарэсы іншых людзей. Усе звароты, якія паступаюць на прыёме, асабіста трымаю на кантролі.

"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"