Прадпрыемствы Віцебскай і Кашкадар'інскай абласцей падпісалі кантракты на $3 млн

Віцебская і Кашкадар'інская вобласці, а таксама прадпрыемствы рэгіёнаў падпісалі тры пагадненні, два мемарандумы аб супрацоўніцтве і кантракты на суму парадку $3 млн. Пра гэта журналістам на брыфінгу па выніках рабочай паездкі дэлегацыі рэгіёну ва Узбекістан паведаміла намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна.

Візіт дэлегацыі Віцебскай вобласці ва Узбекістан адбыўся з 10 па 13 кастрычніка. "Гэта вельмі цікавая для нас краіна з выхадам на далёкую Азію, - адзначыла намеснік кіраўніка аблвыканкама. - Падчас рабочай паездкі былі падпісаны пагадненні аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж Віцебскай і Кашкадар'інскай абласцямі на ўзроўні двух кіраўнікоў рэгіёнаў, паміж Полацкім дзяржаўным універсітэтам імя Ефрасінні Полацкай і Каршынскім інжынерна-эканамічным інстытутам, а таксама пагадненне паміж Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава і Каршынскім дзяржаўным універсітэтам. Бакі падпісалі два мемарандумы аб супрацоўніцтве паміж свабоднымі эканамічнымі зонамі рэгіёнаў, канцэрнам "Мяса-малочныя прадукты" і прадпрыемствам па пастаўцы і перапрацоўцы малочнай прадукцыі".

Акрамя пагадненняў і мемарандумаў па выніках паездкі бакі заключылі кантракты на суму парадку $3 млн. "Гэта пастаўка нашай харчовай прадукцыі, дрэваапрацоўчай, у частцы пастаўкі электраабсталявання для нафтавай прамысловасці і вымяральных прыбораў. Важна адзначыць, што, улічваючы лагістыку, нашу і Кашкадар'інскай вобласці, у іх таксама ёсць і чыгуначны рух, і авіязлучэнне. З намі ў складзе дэлегацыі былі прадстаўнікі СЭЗ "Брэміна-Орша". Ёсць пэўныя дамоўленасці па абмене таварамі ў рамках лагістыкі. Зразумела, што ўсе гэтыя тавары будуць з'яўляцца як экспартам з тэрыторыі Беларусі, так і імпартам", - растлумачыла Анжаліна Нікіціна.

Паводле яе слоў, Віцебскі рэгіён прапрацоўваў пытанне паставак сваёй прадукцыі на рынак Узбекістана. Вялікую цікавасць у Кашкадар'інскай вобласці выклікалі мяса-малочныя тавары, электрапрыборы, кабельная прадукцыя ў частцы абмену вопытам прадпрыемстваў па вытворчасці ўнутры гэтай краіны. Дэлегацыя наведала адно з такіх прадпрыемстваў, створанае год таму холдынгам "Марка" на тэрыторыі эканамічнай зоны Кашкадар'інскай вобласці. Сёння там шыюць абутак па лекалах віцебскага прадпрыемства, працуюць больш за 200 чалавек.

Рэгіёны плануюць наладзіць супрацоўніцтва адразу па некалькіх напрамках. "Абутковая вытворчасць, лёгкая прамысловасць, больш за ўсё (Кашкадар'інскую вобласць. - Заўвага. БЕЛТА) цікавіць наша харчовая прадукцыя. Калі яны ствараюць новыя вытворчасці, новыя кампетэнцыі, малочна-таварныя фермы будуюць, прадпрыемствы па перапрацоўцы малака, то ў іх не хапае кампетэнцый у частцы спецыялістаў у гэтай галіне, - адзначыла намеснік старшыні аблвыканкама. - Мы сёння ўжо працуем па абмене вопытам нашых студэнтаў. Першы выпуск узбекскіх студэнтаў будзе праз год, і будзе выпускаць менавіта наша ветэрынарная акадэмія". Анжаліка Нікіціна дадала, што падчас візіту старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандру Суббоціну было прысвоена званне ганаровага прафесара Самаркандскага дзяржаўнага ўніверсітэта ветэрынарнай медыцыны, жывёлагадоўлі і біятэхналогій.

"Пакуль нашы дамоўленасці замацаваны пагадненнямі двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, мемарандумамі, падпісанымі паміж прадпрыемствамі рэгіёнаў. Усё гэта ляжа ў больш дэталёвую дарожную карту. Мы з калегам, намеснікам хакіма Кашкадар'інскай вобласці, прынялі рашэнне сустракацца ў фармаце відэасувязі, штотыднёва адпрацоўваць усе дамоўленасці", - дадала намеснік кіраўніка Віцебскага аблвыканкама.

Сустрэчны візіт дэлегацыі Кашкадар'інскай вобласці ў Віцебскую плануецца ў канцы лістапада.

Знешнегандлёвы абарот Віцебскай вобласці з Узбекістанам у студзені - жніўні 2022 года вырас у 2,4 раза і склаў $17 млн, з іх на экспарт прыпала $12,1 млн. Амаль палова ад усяго аб'ёму экспарту ва Узбекістан - лекавыя сродкі. Таксама туды пастаўляліся мяса буйной рагатай жывёлы, сухое малако, дзіцячае харчаванне, ніткі і акрылавыя валокны, поліэтылен, вырабы са шкловалакна, пластмас, пліты МДФ, прысадкі да змазачных алеяў і іншыя тавары. Імпартуе Віцебская вобласць садавіну, агародніну і сухафрукты - 49%, баваўняную пражу і дрот з рафінаванай медзі.

БЕЛТА.