Прадстаўнікі САЗ у Віцебску: з распаўсюджваннем віруса давядзецца змагацца на працягу 12-18 месяцаў
10 красавіка з сістэмай прымаемых у Віцебскай вобласці мер па пераадоленні каранавіруснай інфекцыі азнаёміліся прадстаўнікі місіі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.
Перш чым наведаць медыцынскія ўстановы горада, дзе аказваюць дапамогу хворым людзям, супрацоўнікі Еўрапейскага бюро САЗ у Капенгагене, штаб-кватэры арганізацыі ў Жэневе і прадстаўніцтва ў Беларусі сустрэліся з кіраўніцтвам вобласці.
Старшыня аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў выказаў гасцям падзяку за хуткую рэакцыю ў адказ на просьбу Прэзідэнта Беларусі прыехаць і ацаніць, як развіваецца сітуацыя з каранавіруснай інфекцыяй у нашай краіне, ці правільна мы вядзём барацьбу:
- Магчыма, з вашага боку будуць зроблены нейкія заўвагі, прапановы, што дазволіць нам больш эфектыўна спраўляцца з агульным для ўсяго свету захворваннем.
Ён коратка ахарактарызаваў сцэнар развіцця падзей з завозам інфекцыі з-за мяжы ў рэгіён у выніку звычайных дзелавых і іншых кантактаў людзей. У выніку ўжо на працягу паўтара месяца органамі ўлады і сістэмай аховы здароўя займаюцца абаронай свайго насельніцтва ад гэтай пагрозы.
- Мы бачылі, як развіваюцца падзеі ў свеце і ў сваёй краіне прынялі рашэнне супрацьстаяць распаўсюджванню інфекцыі, абараніць насельніцтва, захаваўшы эканоміку, не спыніўшы прадпрыемствы, вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі і так далей, - падкрэсліў Мікалай Шэрстнёў. – Закрыць і ізалявацца ўсім значна прасцей, а ва ўмовах працуючай эканомікі складаней выконваць абарончыя мерапрыемствы. Рашэнні па сітуацыі прымаюцца імкліва, паколькі лекары павінны лячыць, а ўлада – вырашаць усе астатнія пытанні. Напрыклад, на вытворчасць ахоўных сродкаў як для медыкаў, так і жыхароў мабілізаваны ўсе магчымыя вытворцы рэгіёну.
Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Леанід Анфімаў, які ўдзельнічаў у сустрэчы, дадаў, што на Віцебшчыне працуе абласны штаб па разглядзе ўсіх праблемных пытанняў. Выбудавана сістэма адсочвання сітуацыі, прыняцця неабходных рашэнняў на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы, хоць Прэзідэнт фармальна не з'яўляецца кіраўніком рэспубліканскага штаба.
Супрацоўнік Еўрапейскага бюро САЗ, якое базуецца ў Капенгагене, Патрык О’Конар ахарактарызаваў задачу місіі. Яна не ў тым, каб нешта пракантраляваць, а перш за ўсё, ацаніць працу медыкаў, зразумець, якую нацыянальную сістэму мер рэалізуе краіна ва ўмовах пандэміі, якія з іх эфектыўныя і з улікам гэтага досведу могуць быць карысныя для іншых дзяржаў. Аналагічныя місіі САЗ у гэтыя дні працуюць у Італіі і Іспаніі. Экспертам, якія выехалі «на месцы», анлайн дапамагае каманда спецыялістаў у Капенгагене. Патрык О’Конар падзякаваў прымаючы бок за адкрытасць і гатоўнасць да размовы, а кіраўнік прадстаўніцтва САЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў адзначыў: «Мы тут для таго, каб сумесна з вамі справіцца з праблемай».
Затым бакі абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях. Эксперты пагадзіліся з выказаным Мікалаем Шэрстнёвым разуменнем таго, што ў перыяд распаўсюджвання інфекцыі стаіць задача расцягнуць працэс і не дапусціць ачагу захворвання з усімі яго негатыўнымі наступствамі. Наконт хуткага поспеху ў кітайскім Ухані Патрык О’Конар сказаў, што да абнадзейлівых навін з гэтай правінцыі трэба ставіцца з цвярозым аптымізмам. Падобныя максімальна жорсткія меры змагла сабе дазволіць вялікая краіна з вялікімі магчымасцямі, прычым у дачыненні да свайго ўсяго толькі аднаго рэгіёна. Для іншых больш рэальныя кампрамісныя варыянты. І ўсё ж ён перасцярог ад таго, што і ў Кітаі інфекцыйны працэс можна лічыць завершаным. У Еўропе таксама ёсць шэраг краін, якія разглядаюць магчымасць аслаблення каранцінных мер пасля Вялікадня. Але афіцыйная пазіцыя САЗ такая: «Трэба быць надзвычай асцярожнымі. Мы мяркуем, што і на глабальным узроўні, і на ўзроўні асобных краін урадам трэба быць гатовымі да таго, што з распаўсюджваннем віруса, магчыма, давядзецца яшчэ змагацца на працягу 12—18 месяцаў. Цалкам магчыма, што за гэты час будуць атрыманы эфектыўныя вакцыны, але трэба бесперастанку клапаціцца аб тым, каб не адчувалі перагрузку сістэмы аховы здароўя, дзейнічалі ўсе іншыя бар'ерныя меры. З некаторых краін Азіі паступаюць паведамленні аб магчымай другой хвалі інфекцыі. Таму захоўваючы аптымізм, трэба захоўваць і насцярожанасць. Гэта не забег на кароткую дыстанцыю. Гэта доўгі марафон».
У завяршэнне сустрэчы бакі сышліся на тым, што адзінага рэцэпту барацьбы з інфекцыяй няма, кожная краіна з улікам меркавання спецыялістаў выбірае найбольш прымальны для яе шлях. Пік захворвання і Беларусь, і іншыя дзяржавы хутчэй за ўсё пройдуць на працягу бліжэйшых некалькіх месяцаў. Але ўсе прадпрымаемыя намаганні павінны быць паслядоўнымі, метадычнымі, гэта не чыста медыцынская праблема. Абавязкова ўдзел у яе вырашэнні органаў улады, прадпрыемстваў, бізнесу і грамадства ў цэлым. Кожны павінен унесці сваю лепту на сваім узроўні.