Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды лепшым работнікам сістэмы адукацыі

Президент Беларуси Александр Лукашенко вручил государственные награды лучшим работникам системы образования
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды лепшым работнікам сістэмы адукацыі. За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё сістэмы адукацыі, навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення, арганізацыю аздараўлення дзяцей, падрыхтоўку навукова-педагагічных кадраў і высокакваліфікаваных спецыялістаў высокіх узнагарод і ганаровых званняў удастоены 37 педагогаў з розных рэгіёнаў Беларусі.

Прэзідэнт адзначыў, што сёння запрошаны лепшыя работнікі сістэмы адукацыі, якія фарміруюць маральную і духоўную аснову маладога пакалення беларусаў. Многія былі ўдзельнікамі Рэспубліканскага педагагічнага савета. «Прывіваючы з дзяцінства любоў да сапраўдных каштоўнасцей, перадаючы свае веды, вы спрыяеце станаўленню адукаванай, культурнай і працавітай беларускай нацыі, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Уручэнне дзяржаўных узнагарод напярэдадні Дня ведаў – не толькі прызнанне вашых асабістых заслуг, але і знак глыбокай павагі да высакароднай прафесіі настаўніка».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на важнасць добрага выхавання дзяцей з першых гадоў жыцця. Менавіта таму велізарнае значэнне набывае якасць работы дашкольных устаноў. «Яна ў першую чаргу залежыць ад выхавальнікаў, ад іх душэўнай цеплыні і ўмення падабраць ключык да кожнага маленькага. Такія людзі заслугоўваюць усялякай падтрымкі і заахвочвання», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Важную ролю адыгрывае прафесійна-тэхнічная адукацыя, у развіцці якой Беларусь дасягнула нямала поспехаў. Запатрабаванасць яе ў краіне і ў замежных партнёраў з'яўляецца своеасаблівым знакам якасці, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«За падрыхтоўку кваліфікаваных спецыялістаў для галін эканомікі адказвае перш за ўсё вышэйшая школа. Многія ВНУ паспяхова ўкараняюць інавацыйныя метады навучання і становяцца сапраўднымі цэнтрамі прасоўвання навукова-тэхнічнага прагрэсу як у рэгіёнах, так і ў сталіцы нашай Беларусі», – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Педагогі не толькі прыўносяць у жыццё нашых дзяцей мноства новых і важных ведаў. Яны беражліва клапоцяцца пра падрастаючае пакаленне краіны, выхоўваючы ў іх павагу, дружбу і патрыятызм», – сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён павіншаваў педагогаў з заслужанымі ўзнагародамі і пажадаў ім доўгіх гадоў жыцця, шчасця, дабрабыту і дасягненняў у нялёгкай, але ганаровай працы.

Паводле ўсталяванай традыцыі, яшчэ адной знакавай падзеяй для ўзнагароджаных стала экскурсія па адным з сучасных сімвалаў беларускай дзяржаўнасці і суверэнітэту – Палацы Незалежнасці. Педагогі наведалі найбольш знакавыя месцы, дзе прымаюцца важныя для краіны рашэнні, праводзяцца міжнародныя сустрэчы і саміты.

Сярод удастоеных высокіх узнагарод і прадстаўнікі Прыдзвінскага краю.

Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена выхавальніцы санаторных ясляў-сада №72 Віцебска Святлане Крэпскай.

Медалём «За працоўныя заслугі» ўзнагароджаны начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Браслаўскага райвыканкама Іван Абаровіч, настаўнік матэматыкі ДУА «Сярэдняя школа №20 г. Орша» Валерый Герасімаў.


Званнем «Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» удастоены рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзмітрый Лазоўскі, дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандр Ласякін.



Акрамя таго, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 2017 года №303 за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад у вытворчасць звышцяжкай кар'ернай тэхнікі, развіццё аптычнага прыборабудавання, лёгкай прамысловасці, чыгуначнага транспарту і сельскай гаспадаркі, значныя дасягненні ў галіне аховы здароўя, бытавога абслугоўвання насельніцтва, нацыянальнай журналістыкі, навуковай дзейнасці, адукацыі, культуры і мастацтва дзяржаўнымі ўзнагародамі ўдастоены прадстаўнікі розных галін.

У прыватнасці, медалём «За працоўныя заслугі» ўзнагароджаны:

начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Вера Астапенка;

старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб дзяржаўнай бяспецы, старшы саветнік юстыцыі Уладзімір Белавус;

загадчык кафедры анкалогіі з курсамі прамянёвай дыягностыкі і прамянёвай тэрапіі факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Мікалай Луд;

генеральны дырэктар РВУП «Аршанскі льнокамбінат» Уладзімір Несцярэнка.

Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны прарэктар па вучэбнай рабоце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзяніс Дук.

БЕЛТА. Фота з інтэрнэт-рэсурсу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.