Прэзідэнт даў згоду на прызначэнне Сяргея Ягорава старшынёй Віцебскага райвыканкама

Узгадняючы прызначэнне старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Сяргея Ягорава на пасаду старшыні Віцебскага райвыканкама, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, чаму прапануецца такое кадравае рашэнне. «Гэта незадаволенасць яго працай на гэтай пасадзе?» — спытаў Прэзідэнт.

Як растлумачыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сяргеенка, для Сяргея Ягорава гэта чарговая прыступка па кар'ернай лесвіцы. А папярэдні яго вопыт спатрэбіцца на новым месцы.

«Пэўны вопыт я напрацаваў за чатыры гады працы ў камітэце па сельскай гаспадарцы. Да гэтага працаваў старшынёй Талачынскага райвыканкама. Напэўна, гэтая праца мне бліжэй па духу», — адзначыў у сваю чаргу Сяргей Ягораў.

«Гэта значыць, што гэта больш жывая праца, вы хочаце сказаць. І ўсё ж, напэўна, Віцебскі раён валавызначальны і ў сельскай (гаспадарцы. — Прым. БЕЛТА)?» — спытаў Аляксандр Лукашэнка.

«На другім месцы пасля Аршанскага раёна. І па плошчах, і па вытворчых паказчыках», — удакладніў Сяргей Ягораў.

«Але гэта не значыць, што ён павінен быць другім», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

«Стаўлю перад сабой задачу вывесці раён на ўзровень нашых перадавых раёнаў іншых абласцей — Гродзенскай і Брэсцкай», — заявіў старшыня камітэта.

«Гэта правільна. Аршанскі, Талачынскі, Віцебскі, і «малышы» побач павінны цягнуць усю вобласць. Не поўнач жа Віцебскай вобласці (Верхнядзвінск, Браслаўскі край) будзе выцягваць сяло. Хоць і там трэба ўпірацца, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Добра, што вы перад сабой ставіце задачу вывесці гэты раён. А для гэтага ўсё ёсць у Віцебскай вобласці, і ў Віцебску, і ў раёне. Усё ёсць для таго, каб вывесці яго на ўзровень перадавых у краіне. Арыенцір для вас на першым этапе — Аршанскі раён. Вы павінны пераўзысці яго».

Новы старшыня з'явіцца і ў Маладзечанскім райвыканкаме. На гэту пасаду ўзгоднены першы намеснік старшыні Павел Губко. Месца заставалася вакантным тры месяцы. Але з прызначэннем вырашылі не спяшацца, каб паглядзець, як першы намеснік спраўляецца з працай без кіраўніка, расказаў Ігар Сяргеенка.

«Убачылі, што чалавек можа

арганізаваць працу. Справіцеся", - перакананы кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

"Павел Валянцінавіч, справіцеся вы ці не - у вас выхаду іншага няма. Калі вы прымаеце гэту пасаду, памрыце, але павінен быць вынік", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.