Пуцёўкі ў працоўнае лета атрымалі студатрадаўцы Віцебскай вобласці
БРСМ прадастаўляе шырокія магчымасці для працаўладкавання, нават за мяжой. Як адзначыў першы сакратар абкама БРСМ Уладзімір Бабічаў, сёлета ў складзе студатрадаў розных профіляў плануецца працаўладкаваць больш за 5 тыс. чалавек.
У летнім скверы абласнога музея Героя Савецкага Саюза М. Шмырова адбылося ўрачыстае ўручэнне пуцёвак у «Працоўнае лета – 2021». Напутлівыя словы байцам сказаў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін.
– Няхай гэта лета стане для вас тым часам, калі вы зможаце знайсці сябра, пагутарыць, стаць бліжэй, – сказаў Уладзімір Пятровіч. – Бо акрамя працы будзе час і на адпачынак. Няхай праца пойдзе вам на карысць.
Па словах Уладзіміра Бабічава, студэнцкі атрад – гэта не толькі магчымасць цікава і з карысцю для сябе правесці летнія канікулы, але і новыя знаёмствы, сябры, каштоўны вопыт, карысныя навыкі, добрая зарплата і льготы з боку ўніверсітэта.
Ён таксама адзначыў, што абласной моладзевай будоўляй стануць – вуліца Гагарына ў Віцебску і корпус Полацкага кадэцкага вучылішча. Дарэчы, да работ па рэканструкцыі і рамонце апошняга будуць прыцягнуты студэнты ПДУ, якія аб'яднаны ў першы археалагічны атрад.
Таксама сёлета адновяць працу выязныя студэнцкія атрады. Нядаўна віцебскія рабяты прыступяць да працы ва Усерасійскім цэнтры «Арляня». Працоўныя месцы там прадастаўлены 90 студэнтам у сэрвісных атрадах, 14 – у педагагічным.
Два атрады з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта – «Эўрыка» і «Зодчыя» – з чэрвеня па жнівень будуць працаваць на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі ў Астраўцы.
З чэрвеня па жнівень тры атрады, сфарміраваныя са студэнтаў ВДУ імя П. Машэрава, ВГТУ і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, атрымаюць працоўныя навыкі працы на прадпрыемстве «Атлант». Варта адзначыць, што жадаючых трапіць туды было шмат. Летась месячны заробак удзельнікаў атрада склаў 1000 рублёў, студэнты былі забяспечаны бясплатным жыллём. У іх была магчымасць наведваць трэнажорную залу і басейн.
Ветэран камсамольскага руху Зоя Крот пажадала рабятам вытрымаць экзамен у чарговым працоўным семестры, атрымаць добры заробак, заслужаныя ўзнагароды і павагу, вярнуцца да вучобы з выдатным настроем.
Будучыя байцы студатрадаў прынялі ўдзел у пешай экскурсіі па маршруце вул. Леніна – Суворава – абласны музей Героя Савецкага Саюза М. Шмырова з наведваннем памятных мясцін Віцебска.