220 гадоў споўнілася з дня ўтварэння Віцебскай губерні
Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне, якое стала адпраўным пунктам для ўтварэння Віцебскай губерні, адбылося ў пачатку ХІХ стагоддзя па ўказе Аляксандра І. "Па найвышэй зацверджаным дакладзе" указам Сената ад 27 лютага 1802 г. былі ўтвораны Віцебская і Магілёўская губерні ў выніку падзелу Беларускай губерні. Першым Віцебскім губернатарам быў прызначаны той, хто яшчэ ўзначальваў Беларускую губерню, Пётр Мацвеевіч Тарбееў.
Віцебскую губерню склала тэрыторыя былой Полацкай губерні, а менавіта: Вяліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Дзвінскі, Лепельскі, Люцынскі, Невельскі, Полацкі, Рэжыцкі, Себежскі, Суражскі паветы. Калі ўважліва вывучыць і параўнаць карту Віцебскай губерні з картай сучаснай тэрыторыі вобласці, то ўбачым толькі частку знаёмых назваў: былыя Лепельскі, Віцебскі, Суражскі, Гарадоцкі, Полацкі, Дрысенскі паветы, 6 астатніх паветаў увайшлі ў склад Латвіі і Расіі.
Плошча сучаснай Віцебскай вобласці амаль як і 220 гадоў таму складае крыху больш за 40 тыс. км кв (плошча губерні - 44 тыс. км кв), аднак віцяблянам у цяперашні час больш звыклыя да ўжо названых гістарычна складзеных іншыя тэрыторыі, якія ўваходзілі ў той час у склад Мінскай, Магілёўскай і Віленскай губерняў: Браслаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лёзненскі, Мёрскі, Аршанскі, Пастаўскі, Сянненскі, Талачынскі і інш. раёны.
У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі
захоўваецца мноства дакументаў па палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і
культурнай гісторыі Віцебскай губерні з 1802 па 1917 гг.
Сярод іх звесткі пра прамысловае развіццё губерні - справы аб выдачы дазволаў на будаўніцтва і рамонт фабрык і заводаў, у прыватнасці -
льнапрадзільнай фабрыкі "Дзвіна" у 1899 г., інфармацыя аб колькасці
фабрык і заводаў у губерні.
Да стагоддзя існавання ў 1902 г. у Віцебскай губерні
колькасць прамысловых прадпрыемстваў склала 1317, працавала на іх 7184 чал. Сярод найбольш буйных: 7 маслабойных заводаў, 3 спіртаачышчальныя заводы (Віцебскі, Невельскі, Себежскі), ільнопрадзільная фабрыка, 4 запалкавыя фабрыкі, 3 тытунёвыя фабрыкі, 2 шклазаводы, Дзвінская ігольная фабрыка, Віцебская фабрыка па вырабе акуляраў, кардонна-папяровая фабрыка ў Лепельскім.
Акрамя названых у губерні ў пачатку ХХ ст. працавалі 2 сыраваральныя, 17 мылаварных, 2 свечкавыя, 4 экіпажныя, Дзвінскі завод гнутай мэблі, 7 канатных, 39 вінакурных, 2 медна- і 2 чыгуна-ліцейныя, 140 цагляных, 164 ганчарныя, 8 кафляных, Віцебскі нафтаперапрацоўчы і шэраг іншых заводаў.
У 1902 г. галоўнай часткай даходаў у вобласці рамяства (1/2 ад агульнай сумы) у Віцебскай губерні была распрацоўка дрэва і раслінных прадуктаў, вытворчасць колаў, санак, цялеж, брычак, драўлянага посуду і абручоў, пляценне кошыкаў і кашалькоў, саломных дываноў, вытворчасць лодак, ганты, верацяноў, начлегаў, ганчарны промысел, гонка дзёгцю, выпальванне вапны, выдзялка авечых шкур, валёнак - гэта пералік вырабляных у той час неабходных у гаспадарцы вырабаў.
Дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі распавядаюць пра галоўную водную артэрыю губерні - Заходнюю Дзвіну і лініі чыгунак. Гэта справы аб устройстве ў 1857 г. на Заходняй Дзвіне параходства і даследаванні басейна гэтай ракі, аб пабудове моста праз Заходнюю Дзвіну ў Віцебску, ведамасці аб мастах і пераправах па губерні, дакументы аб расчыстцы парогаў на Заходняй Дзвіне, умацаванні яе берагоў. Маюцца звесткі аб узроўні вады ў Заходняй Дзвіне і аб адпраўленні з Віцебскага прыстані суднаў і плытоў.
Дакументы па хадайніцтве Віцебскай гарадской думы аб правядзенні праз горад чыгуначнай лініі Пецярбург-Адэса, Вялікія Лукі - Віцебск, конна-чыгуначнай дарогі (1895 г.), трамвайнага і амібуснага паведамлення, аб пашырэнні трамвайных ліній, адкрыцці аўтамабільна-пасажырскага руху.
У 1892 г. быў заключаны кантракт на устройстве водаправода ў Віцебску. Сярод цікавых матэрыялаў – спісы вуліц
Па дакументах прасочваецца больш чым стогадовая гісторыя медыцыны ў рэгіёне. Гэта звесткі пра медыкаў і аптэкараў, бальніцы, справы аб прызначэнні ўрачоў, стане гарадскіх бальніц, адкрыцці аптэк, забеспячэнні іх медыкаментамі, медыцынскімі інструментамі і літаратурай, прызначэнні і адпуску сродкаў на ўтрыманне фельчараў і аспывальнікаў; ведамасці аб прыходзе і расходзе сродкаў на медыцынскія патрэбы. Маюцца дадзеныя аб пабудове бальніц, стварэнні санітарна-бактэрыялагічных устаноў у губерні, мерах барацьбы з эпідэміямі, а таксама распараджэнні губернатара аб адпраўцы сялян для навучання акушэрству і многія іншыя дакументы.
Славіцца Віцебшчына многімі людзьмі, народжанымі гэтай
выдатнай зямлёй. Архів захоўвае
дакументальную памяць аб дваранскім паходжанні дзеяча беларускай
культуры Браніслава Ігнацьевіча Эпімах-Шыпілы, радаводы гісторыка і краязнаўцаАндрэя Парфенавіча Сапунова, мастака з сусветным імем Марка Шагала.
Асобае
месца – "Справа па прашэнні акадэміка Імператарскай Акадэміі мастацтваў Ільі
Ефімавіча Рэпіна аб выдачы пасведчання на куплю зямлі" (гаворка ідзе аб
маёнтку Малое-Койтава (Сафіеўка) Віцебскага павета), у якім маецца асабістае
прашэнне мастака і яго аўтограф.
Падрыхтавана па матэрыялах сайта Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Ілюстрацыя з сайта planetabelarus.by