Скульптурны знак “Буквар” адкрылі на Дзень пісьменства ў Гарадку
Аўтарам працы стаў студэнт Беларускай акадэміі мастацтваў Ігар Сілка:
- Штуршком да стварэння эскіза паслужыў першы ў свеце буквар, 405 гадоў таму выдадзены ў друкарні Віленскага Свята‑Духава праваслаўнага брацтва. На думку гісторыкаў, гэтая кніга мае і беларускія карані. Убачыўшы шрыфты арыгінальнага буквара, я вырашыў стылізаваць іх, склаўшы ў незвычайную кампазіцыю, якая цікава выглядае з усіх ракурсаў.
Яшчэ адна навінка Вераніцынскага сквера — «Дрэва беларускага пісьменства». У «цуду» з нержавеючай сталі вышынёй больш за два з паловай метры замест ствала — кнігі. На пярэдняй частцы скульптуры змешчаны зварот з выявай лагатыпа свята і надпісам «Вераніцынскі сквер». Стваральнік кампазіцыі, дырэктар глубокскага прадпрыемства «У ажуры» Юрый Татарыновіч падлічвае:
- Усяго 19 кніг яркіх, таленавітых аўтараў, якія праславілі Гарадоцкі край. Сімвалічна, што апошняя з іх выканана ў выглядзе кветкі. Гэта знак: пераемнасць пакаленняў, творчасць і жыццё працягваюцца!