Створаны віцебскім скульптарам помнік ахвярам генацыду ўсталююць у Сянне
Памятны знак плануецца выканаць з кампазітных матэрыялаў. Ён будзе складаць каля 2,7 м у вышыню і больш за 3 м у шырыню. Гэта будзе першы аб'ект, які знаёміць наведвальнікаў з тэматычнай экспазіцыяй у раённым Доме рамёстваў.
Выстава на тэму трагедыі генацыду жыхароў Сенненскага раёна размесціцца ў падвальным памяшканні будынка, дзе ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзяў быў спіртавы склад. У час Вялікай Айчыннай вайны фашысты зладзілі тут турму для ваеннапалонных і тых, каго затрымлівалі за сувязь з партызанамі. На верхніх паверхах склада акупанты арганізавалі дыверсійную школу, дзе рыхтавалі ў асноўным з жанчын і падлеткаў дыверсантаў для працы ў партызанскіх атрадах.
Цяпер на цокальным паверсе, дзе нядаўна размяшчалася крама, вядуцца работы па расчыстцы сцен, столі і падлогі – да аўтэнтычнай муроўкі з чырвонай цэглы. Паводле водгукаў работнікаў культуры, старадаўняя цэгла вельмі трывалая і выдатна захавалася, але трэба будзе правесці яе кансервацыю, каб не асыпалася.
У Дзень горада тут адкрыюць экспазіцыю, якая складаецца з дзвюх зон – гістарычнай і інтэрактыўнай. У першай створаць фрагмент турмы, у другой, асучасненай, будуць праводзіць заняткі са школьнікамі. Выставу дапоўняць рэплікі фотадакументаў, архіўныя здымкі, у тым ліку разбуранага горада і загінулых, прымусова вывезеных у рабства сенненцаў, а таксама некаторыя асабістыя рэчы расстраляных. Дырэктар Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея Іва Шубко расказала, што да вайны ў райцэнтры размяшчаліся касцёл, два праваслаўныя храмы і шэсць сінагог. У канцы снежня 1941 года тут расстралялі 965 чалавек – вязняў мясцовага гета.