Спіртзавод у Сенненскім раёне за базавую велічыню і яшчэ 120 аб'ектаў дзяржмаёмасці прапануюцца да продажу на аўкцыёнах у кастрычніку.
Так, да продажу на аўкцыёне за базавую велічыню прапануецца былы спіртзавод, размешчаны ў аграгарадку Пламя Сенненскага раёна.
Будынкі спіртзавода ўваходзяць у комплекс сядзібы «Старая Беліца», пабудаванай яшчэ ў пачатку XIX стагоддзя. У 17-18 стагоддзях маёнтак належаў Сапегам, а пазней – Свяцкім.
Пры іх маёнтак Беліца быў адным з самых багатых сядзібных двароў на беларускіх землях. Тут ачышчалі спірт, малолі муку, дралі крупы, выраблялі па самых сучасных тэхналогіях сыр і масла, якія прадаваліся па ўсёй Расійскай імперыі.
Таксама маёнтак з'яўляўся цэнтрам культуры. Тут быў створаны аматарскі тэатр. У Беліцы адпачывала шмат людзей, сярод якіх былі студэнты, пісьменнікі, мастакі. У свой час тут служыў будучы класік беларускай літаратуры Янка Купала.
У савецкія часы тут размяшчаўся сельскагаспадарчы тэхнікум, затым быў створаны саўгас. Працягвалі працу вінзавод, цагельны завод і маслазавод.
Пачатковая цана продажу комплексу аб'ектаў спіртзавода складае 200 рублёў ‒ па адной базавай велічыні за кожнае капітальнае збудаванне.
На выдзеленых зямельных участках з плошчай больш за 1 гектар магчыма размяшчэнне аб'ектаў адміністрацыйнага, сацыяльна-культурнага прызначэння, выкарыстання для прадпрымальніцкай дзейнасці.
Усяго ж за 9 месяцаў гэтага года камітэтам праведзены 91 рэзультатыўны аўкцыён па продажы невыкарыстоўваемых аб'ектаў дзяржаўнай маёмасці. Дзяржаўны бюджэт пры гэтым папоўніўся на суму 5698792 рублёў.