Адразу тры пікеты прайшлі ў Воршы. Ініцыятыўныя групы адзначаюць, што актыўнасць выбаршчыкаў не спадае
Тут размясціліся групы па зборы подпісаў за дзейнага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнку, першага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Сяргея Сыранкова і індывідуальнага прадпрымальніка Ганну Канапацкую.
Член ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за дзейнага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнку Людміла Кныпік прызнаецца, што для яе гэта ўжо трэцяя прэзідэнцкая кампанія, таму ёй ёсць з чым параўноўваць.
– Актыўнасць прыкметна вырасла, – кажа жанчына. – Усе настроены добразычліва, людзі ставяць свае «аўтографы» з добрым настроем, усвядомлена. Бачу значна ўзраслы ўзровень палітычнай сталасці нашых грамадзян. Людзі разумеюць каштоўнасць мірнага неба над галавой, стабільнасці і спакою. Некаторыя наракаюць, што няма з сабой пашпарта. Але тым не менш ідуць дадому і вяртаюцца назад з дакументам, каб паставіць подпіс за прэтэндэнта ў кандыдаты. Хтосьці распавядае, што іх хвалюе і якім бы хацелі бачыць свайго лідара. Таму дадам, што пікеты – не проста збор подпісаў, а свайго роду пляцоўкі для народнага дыялогу.
Так, сяброўкі і калегі па працы Вольга і Таццяна сказалі пра тое, што ўдзел у выбарах на ўсіх этапах – абавязак кожнага, хто клапоціцца пра будучыню. Дзяўчаты зайшлі пасля працы ў краму за пакупкамі, убачылі пікеты і не раздумваючы вырашылі падтрымаць свайго кандыдата.
– Ставім подпісы за мір, стабільнасць і надзейнасць, – абазначылі яны свой выбар. – Будучы Прэзідэнт, перш за ўсё, павінен быць справядлівым, годным, чалавекам слова і моцным лідарам.
Чалец ініцыятыўнай групы Ганны Канапацкай Сяргей Вазняк кажа пра тое, што збор подпісаў за яго прэтэндэнта ў кандыдаты ідзе не так актыўна, як у 2020 годзе.
– Але тым не менш нашы ініцыятыўныя групы трымаюць тэмп да 4 тысяч подпісаў у дзень, – адзначае ён. – Актыўнасць людзей вышэйшая ў рэгіёнах, чым у сталіцы. Нехта ідэйна матываваны і свядома ставіць подпіс за Ганну Канапацкую, а ёсць і тыя, хто падтрымлівае адразу ўсіх прэтэндэнтаў у кандыдаты. Некаторыя цікавяцца біяграфіяй індывідуальнага прадпрымальніка.
А вось аршанец Канстанцін Анташкевіч вывучыў яе дасканала. І ўпэўнена паставіў подпіс за жанчыну – прэтэндэнта ў кандыдаты.
– Буду галасаваць за мірныя змены, росквіт нашай краіны, – сказаў ён.
Каардынатар выбарчага штаба Сяргея Сыранкова па Аршанскім раёне Сяргей Жудра ўпэўнена кажа пра тое, што камуністам неабыякавы курс, якім краіна будзе рухацца далей.
– Мы бачым, якая грамадска-палітычная абстаноўка складаецца ў свеце. Захаванне таго курса, які цяпер ідзе па пабудове сацыяльнай справядлівасці ў краіне, сугучна з нашай пазіцыяй, – адзначае ён.
18-гадовая Арына не без гонару паведамляе пра тое, што на маючых адбыцца выбарах будзе яе першае галасаванне.
– Ішла за «смачнасцямі» да вячэры і разам з тым не прапусціла важны этап электаральнай кампаніі. Мяне хвалюе ўсё, што датычыцца будучыні роднай краіны, хачу быць датычнай да ўсіх падзей. Падтрымаць подпісам кандыдата ў Прэзідэнты – гэта таксама важна. Усё гэта дзеля свабоды і незалежнасці, міру і стабільнасці.