Сталі вядомы імёны лаўрэатаў прэмій Віцебскага аблвыканкама за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва

Напярэдадні прафесійнага свята вызначаны лепшыя культработнікі, якім прысуджаны прэміі аблвыканкама. Узнагароды за высокія творчыя дасягненні ў розных намінацыях уручаюцца з 2005 года.

Сёлета прэмій удастоены дырэктар Сенненскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Алена Мяцеліца, артыст-вакаліст абласной філармоніі Джульета Тарахчян, выкладчык Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа Марына Лубчонак, загадчык канцэртным аддзелам філіяла Музей гісторыі і архітэктуры Сафійскага сабора Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Алена Мартынава. Лепшым майстрам традыцыйных рамёстваў прызнана метадыст Дома рамёстваў «Стары млын» Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Вольга Гукава, лепшымі клубнымі работнікамі – дырэктар Лёзненскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Сяргей Піваварчык і метадыст Цэнтра культуры «Віцебск» Уладзіслаў Панчанка. Дырэктар Гарадоцкага гарадскога Дома культуры Ірына Раманюга адзначана як лепшы арганізатар платных паслуг.

Усе лаўрэаты атрымаюць прэмію ў памеры 20 базавых велічынь.

"Віцебскія весці".