Таісія Павалій удастоена ўзнагароды Прэзідэнта Беларусі «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення»
Народная артыстка Украіны і Інгушэціі
Таісія Павалій удастоена спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз
мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Кіраўнік дзяржавы Аляксандр
Лукашэнка ўручыў яе спявачцы падчас урачыстага адкрыцця XXVIII
Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "Славянскі
базар", на якім за 28 гадоў вырасла цэлае пакаленне, поўны добрых
традыцый. І адна з іх - ушаноўваць у дзень адкрыцця выдатных артыстаў,
чыя творчасць спрыяе ўмацаванню дружбы паміж народамі. "У гэтым
годзе спецыяльную ўзнагароду "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення"
мы ўручаем выбітнай спявачцы і добраму сябру не толькі Беларусі, але і Расіі -
народнай артыстцы Украіны Таісіі Павалій. У яе асаблівая гісторыя: у свой час
яна стала пераможцай конкурсу маладых выканаўцаў на гэтай сцэне, і
сёння яе імя заслужана засвяцілася на плошчы зорак нашага "базара", -
сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў, каб творчы шлях Таісіі
Павалій стаў годным прыкладам для ўсіх, хто робіць першыя крокі ў свеце музыкі,
у тым ліку для прадстаўніцы Беларусі Ксеніі Галецкай, якая стала
уладальніцай Гран-пры міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу
"Віцебск-2019". Маладая спявачка таксама атрымала сваю ўзнагароду з рук
Прэзідэнта. "Хацелася б, каб лёс гэтага прызёра склаўся дакладна так,
як у Таісіі Павалій", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Таісія Павалій прызналася, што атрыманне
спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі стала для яе вельмі важнай падзеяй.
"Тое, што я атрымліваю яе на беларускай зямлі, для мяне таксама вельмі важна,
бо менавіта тут робіцца ўсё дзеля міру, дружбы і ўзаемаразумення паміж людзьмі",
- падкрэсліла спявачка.