У Бешанковіцкім раёне перапахавалі астанкі савецкіх воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны
У ходзе пошукавых работ, праведзеных летам 2024 года вайскоўцамі 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна на месцах пахаванняў каля в. Рэвякі Соржыцкага сельсавета і каля грамадзянскіх могілак в. Высокая Гара Бочанькаўскага сельсавета, былі знойдзены астанкі 10 савецкіх салдат, якія загінулі ў 1944 годзе. Выяўленыя фрагменты абмундзіравання і амуніцыі перыяду Вялікай Айчыннай вайны пацвердзілі, што ў магілах былі пахаваны менавіта савецкія воіны.
Астанкі траіх чырвонаармейцаў з ушанаваннем перапахавалі на воінскіх могілках у в. Клешчына, яшчэ сямярых – у брацкай магіле ў в. Задарожжа. Ад аднаго да другога месца пахавання адбыўся патрыятычны аўтапрабег.
У жалобным мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і моладзі Бешанковіцкага раёна. У цырымоніі перапахавання, якая адбылася ў Задарожжы, прыняў удзел ваенны камісар Віцебскай вобласці палкоўнік Дзмітрый Вольфавіч.
Старшыня Бешанковіцкага райвыканкама Галіна Унуковіч адзначыла, што хоць імёны і асабістыя даныя загінуўшых не ўстаноўлены, памяць пра іх навекі застанецца ў сэрцах удзячных нашчадкаў.