У Богушэўску адкрылі скульптуру «Эхо любові»
Пры будаўніцтве ў 1899 – 1902 гадах чыгункі Віцебск – Жлобін тут было вырашана пабудаваць адну са станцый, бо яна знаходзілася б на роўнай адлегласці (40 км) ад Віцебска, Оршы і Сенна. Участак зямлі бязвыплатна перадаў палкоўнік Багушэўскі з умовай, што станцыя будзе называцца ў гонар яго жонкі – Багушэўская.
Ва ўрачыстай цырымоніі прымаў удзел старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Ён падзякаваў усім датычным да стварэння помніка і адзначыў, што гісторыя любові Дзмітрыя і Марыі Багушэўскіх вартая фільма. Аляксандр Субоцін канстатаваў, што з усталяваннем скульптурнай кампазіцыі Багушэўск стаў прыгажэйшым і больш прывабным, і выказаў надзею, што монумент стане адпраўной кропкай, а гарадскі пасёлак набудзе другое дыханне, тут з'явяцца новыя вытворчыя праекты, будуць прыязджаць людзі.
Па словах старшыні Багушэўскага сельсавета Вячаслава Багданава, гісторыю ўзаемаадносін Дзмітрыя і Марыі Багушэўскіх жыхары гарадскога пасёлка беражліва захоўваюць з пакалення ў пакаленне. Пасля смерці жонкі Дзмітрый Васільевіч пераехаў з Санкт-Пецярбурга ў Багушэўск і застаўся ёй верны. Жыў у маёнтку Караліна, дзе стварыў школу для мясцовых дзяцей.
Ініцыятыва жыхароў гарадскога пасёлка ўвасоблена скульптарам Ігарам Голубевым і Сяргеем Сотнікавым дзякуючы спонсарскай падтрымцы сям'і Праскуравых. Дзмітрый Багушэўскі памёр у 1903 годзе і пахаваны недалёка ад гарадскога пасёлка – на могілках у вёсцы Рыбнае.
У будынку станцыі была прадстаўлена выстава музея гісторыі Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі. А ў Доме культуры для жыхароў гарпасёлка арганізавалі канцэрт творчыя калектывы Сенненскага раёна, Віцебскага аддзялення БЧ, Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.