У вёсцы Доўжа Віцебскага раёна адкрылася новая крама

В деревне Должа Витебского района открылся новый магазин
Выдатны падарунак да майскіх святаў атрымалі жыхары вёскі Доўжа Віцебскага раёна. Тут адкрыўся сучасны магазін.

Як адзначыў старшыня Мазалаўскага сельсавета Аляксандр Арцёменка, населены пункт вялікі, у вёсцы пражывае каля 700 чалавек. У сезон на возера прыязджае шмат адпачывальнікаў, нямала і дачнікаў.
– Зараз вядзецца добраўпарадкаванне часткі пляжа возера Сосна для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Так што запатрабаванасць гандлёвых аб'ектаў вялікая. Магазін, які адкрыў Полацкі рынак Віцебскага аблспажыўсаюза, адпавядае сучасным стандартам, ні ў чым не саступае гарадскім. Думаю, людзі будуць задаволены, – сказаў Аляксандр Арцёменка.


Дарэчы, для Полацкага рынку гэта ўжо чацвёрты магазін на тэрыторыі Віцебскага раёна. Раней былі адкрыты гандлёвыя аб'екты ў Наўцы, Лужасняне, Мазалаве.

Многія жыхары Доўжай прыйшлі на адкрыццё магазіна як на свята. Узялі з сабой дзяцей і гаспадарчыя сумкі пабольш.

І не пралічыліся – сапраўды, радаваў не толькі асартымент тавараў, але і цэны – ніжэйшыя, чым у прыватнікаў. Для наведвальнікаў наладзілі дэгустацыю каўбасных вырабаў, а першы пакупнік атрымаў падарунак – скрынку цукерак ад старшыні праўлення абласнога спажывецкага таварыства Таццяны Назаравай.


– Адкрыццё гандлёвага аб'екта ў любым населеным пункце ў першую чаргу паляпшае якасць жыцця людзей. У гэтай краме плошчай больш за 500 квадратных метраў прапануецца шырокі выбар тавараў штодзённага попыту ў тым ліку нехарчовай групы. Можна таксама замовіць тавар, якога няма ў наяўнасці, – патлумачыла Таццяна Назарава. – Летась мы адкрылі дзесяць новых крам. Змяняем фармат абслугоўвання. Сёння 35% гандлёвых аб'ектаў нашай сеткі знаходзяцца ў населеных пунктах, дзе пражывае менш за 200 чалавек. Згодна з сацыяльнымі стандартамі, там не абавязкова мець стацыянарную краму, можна замяняць яе выязным гандлем. Таму вялікае значэнне надаём аўтакрамам. У любым выпадку не пакідаем без абслугоўвання жыхароў маланаселеных вёсак.


А жыхары Должы дзяліліся сваімі ўражаннямі аб новай краме і неслі дадому сумкі з пакупкамі.