На пасадзе старшыні Міёрскага райвыканкама зацверджаны Сяргей Сямёнычаў

В должности председателя Миорского райисполкома утвержден Сергей Семёнычев

На 52-й пазачарговай сесіі Міёрскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання са згоды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе старшыні Міёрскага раённага выканаўчага камітэта зацверджаны Сяргей Сямёнычаў.

У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Уладзімір Давыдоўскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Шаўчук, члены райвыканкама і кіраўнікі яго структурных падраздзяленняў, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі і прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў.

Але перш чым прадставіць кандыдата на пасаду старшыні райвыканкама, Уладзімір Давыдоўскі падзякаваў за працу былога кіраўніка раёна Ігара Кузняцова, які больш за 14 гадоў узначальваў Міёршчыну і пад кіраўніцтвам якога нямала зроблена па яе сацыяльна-эканамічным развіцці. Але прыйшоў час для росту таленавітага арганізатара. Ён сыходзіць на працу ў структуру аблвыканкама.

На яго месца Аляксандр Субоцін па ўзгадненні з Прэзідэнтам прапанаваў кандыдатуру Сяргея Сямёнычава, які апошнім часам працаваў першым намеснікам старшыні Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта.

Прадстаўляючы новага кіраўніка Міёрскага раёна, Уладзімір Давыдоўскі адзначаў яго прынцыповасць, ініцыятыўнасць, добрыя арганізатарскія здольнасці, аналітычнае мысленне і дастатковы практычны вопыт.

Кандыдатуру Сяргея Сямёнычава падтрымалі дэпутаты Аляксандр Шокель і Марыя Баніфатава.

У ходзе адкрытага галасавання дэлегаты аднагалосна зацвердзілі Сяргея Сямёнычава на пасадзе старшыні Міёрскага райвыканкама.

Віншуючы і ўручаючы Сяргею Алегавічу пасведчанне, старшыня аблвыканкама пажадаў яму поспехаў ва ўзнаўленні Мёршчыны як былой жытніцы вобласці, далейшаму развіццю прамысловай вытворчасці, падкрэсліўшы, што цяпер Мёры ўжо сталі і прамысловым рэгіёнам. У сваю чаргу Сяргей Сямёнычаў запэўніў прысутных, што зробіць усё для далейшага развіцця краю, дзе знаходзяцца карані яго сям'і, і паабяцаў апраўдаць аказаны яму давер, не падвесці кіраўніка дзяржавы, кіраўніцтва вобласці і жыхароў Мёршчыны.

У завяршэнне сесіі Аляксандр Субоцін падзякаваў былому старшыні райвыканкама, якога аблвыканкам за добрасумленную працу ў органах дзяржаўнага кіравання, асабісты ўклад у развіццё Мёршчыны, высокі прафесіяналізм узнагародзіў Ганаровай граматай.