У Глыбокім адзначылі дзве важныя даты: 610 гадоў з дня першага летапіснага згадвання і 80-годдзе з дня вызвалення горада

В Глубоком отметили две важные даты: 610 лет со дня первого летописного упоминания и 80-летие со дня освобождения города
Глыбокае адзначыла дзве важныя даты ў сваёй гісторыі: 610 гадоў з дня першага летапіснага ўпамінання і 80-годдзе з дня вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Святочныя мерапрыемствы пачаліся з навукова-практычнай канферэнцыі «Глыбоччына на гісторыка-культурнай карце Беларусі». Гісторыкі, этнаграфы, фалькларысты, мовазнаўцы і тэатразнаўцы агучылі новыя, шырока невядомыя факты з гісторыі краю.


Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў адзначыў, што Глыбоччына – зямля, якая знаходзіцца паміж Полацкам і Віленскім краем, двума ў свой час магутнымі культурна-асветніцкімі цэнтрамі. Адсюль пайшлі і наша дзяржаўнасць, і нацыянальны тэатр. Гэтая зямля выгадавала пляяду знакамітых людзей, захавала народныя традыцыі і тэхналогіі прыгатавання асаблівых страў, такіх як алейны баран, жытніца, клёцкі «з душамі». Гэта край унікальных архітэктурных помнікаў і, вядома ж, людзей, якія пісалі гісторыю, а сёння даследуюць яе і захоўваюць.

У гэты дзень глыбачане адкрылі для сябе шматлікія факты з гісторыі краю не толькі дзякуючы вучоным, але і мясцовым краязнаўцам. Прадстаўнікі НАН Беларусі ўзнагародзілі аўтараў лепшых работ, сярод якіх дзесяць школьнікаў.

Пра гаючую сілу малой радзімы гаварыў ганаровы грамадзянін Глыбоцкага раёна акадэмік Уладзімір Рашэтнікаў.

– Калі стамляюся фізічна і духоўна, еду сюды, каб аднавіць энергію, атрымаць новы пасыл да даследаванняў, – растлумачыў акадэмік. – Сюды пераехала наша сям'я адразу пасля вызвалення краю. Бацька – былы партызан – быў накіраваны працаваць першым сакратаром райкама партыі. Тут я пайшоў у першы клас, атрымаў першы ў жыцці залаты медаль (па заканчэнні школы). Другі – ужо за навуковую дзейнасць, за развіццё біялагічнай навукі і прамысловасці. Тут мае карані, тут саспела мая гордасць за народ, яго мужнасць і працавітасць. Увесь гэты час не перарываю сувязі з малой радзімай, яе людзьмі.

Мужнасці і працавітасці глыбочцаў былі прысвечаны шматлікія мерапрыемствы, якімі былі напоўнены два дні. На мітынгах-рэквіемах жыхары краю ўспаміналі ўсіх, хто згарэў у горне вайны, хто, не шкадуючы ўласнага жыцця, набліжаў вызваленне роднай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 На мемарыяльным комплексе «Барок» з гонарам успаміналі пра тое, што жыхары Глыбоччыны абаранялі Маскву і Сталінград, вызвалялі Усходнюю Еўропу і салютавалі Перамозе ў Берліне.

– Мы прыйшлі сюды, каб ушанаваць памяць герояў, якія аддалі самае дарагое – сваё жыццё – за Радзіму, за народ, за мір і шчасце, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Аляксандр Шубскі. – Усё менш ветэранаў і сведкаў тых страшных падзей сярод нас. 80-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сустракаюць з намі толькі Ніна Кірылаўна Целеш і Марыя Пятроўна Балтушкіна, 19 былых вязняў фашысцкіх канцлагераў.

Суровыя факты з гісторыі Другой сусветнай вайны і непасрэдна Глубокскага раёна прывяла старшыня раённага Савета дэпутатаў Вера Целіца.

– Калі раней у Кнізе Памяці было 17 вёсак – сясцёр Хатыні, то сёння іх ужо 47. Больш за 12 тысяч мірных жыхароў былі расстраляны, 2216 згнаны ў Германію. Важна памятаць пра гэта і не даць перапісаць гісторыю, – сказала кіраўніца дэпутацкага корпуса раёна.

Сваё адзінства ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь жыхары райцэнтра дэманстравалі падчас урачыстага шэсця. Кожны калектыў пачуў ад кіраўніцтва раёна словы падзякі за дасягнутыя поспехі. Намеснік дырэктара малочнакансервавага камбіната Ірына Васьковіч падкрэсліла, што іх калектыў ганарыцца сваёй прадукцыяй, якая стала брэндам раёна і пастаўляецца ў 15 краін свету, а хірург райбальніцы Аляксей Кабуш – развіццём медыцыны, тым, што па многіх напрамках іх ЦРБ мае статус міжраённага цэнтра, істотна наблізіла медыцынскую дапамогу да насельніцтва.

 Гонар напаўляў сэрцы глыбочан, калі адкрывалі раённую Дошку гонару, якую ўпрыгожылі 36 партрэтаў лепшых працаўнікоў раёна, калі новасёлы атрымлівалі ключы ад кватэр у новым 60-кватэрным доме, запускалі фантаны, любаваліся карцінамі, падоранымі мастакамі аб'яднання «Руская Атлантыда» і юнымі выхаванцамі мясцовай школы мастацтваў да 610-годдзя горада.

 – Я ганаруся Глыбоччынай, яе гісторыяй і людзьмі – працавітымі, шчодрымі, таленавітымі, – адзначыў Аляксандр Шубскі. – Удзячны лёсу, што разам з імі магу працаваць на карысць краіны. Віцебшчына стала маёй другой малой радзімай, і хацелася б усім нам пажадаць ствараць, а для гэтага ўмацоўваць адзінства, супрацьстаяць знешнім пагрозам. Міру ўсім і дабрабыту!

"Віцебскія весці"