У ААТ «Віцязь» выпусцілі 500-тысячны з пачатку года тэлевізар

У адкрытым акцыянерным таварыстве «Віцязь» выпусцілі 500-тысячны з пачатку года тэлевізар. Такога аб’ёму вытворчасці гэтай прадукцыі прадпрыемства дасягнула ўпершыню з 2006 года, калі выпускала яшчэ кінескопныя тэлепрыёмнікі.
У цяперашні час у агульным аб’ёме прадукцыі, што вырабляецца «Віцязем», тэлевізары займаюць амаль 80 працэнтаў. Іх збіраюць на трох канвеерах. Найноўшы канвеер зборкі, праверкі тэлепрыёмнікаў 32-65 дюймов з лініяй упакоўкі ўведзены ў эксплуатацыю ў 2021 годзе, што дало магчымасць арганізаваць вытворчасць тэлевізараў з дыяганаллю звыш 43 дюймов і SMART­TV у вялікіх колькасцях. Гэта паспрыяла таму, што за мінулы год «Віцязь» выпусціў 477 тысяч тэлевізараў, а ў гэтым годзе здолеў пабіць і гэты рэкорд. У 2022-м выйшлі новыя мадэлі пад гандлёвымі маркамі SBER і DEXP.

— Нягледзячы на тое, што пачынаўся год складана, мы пераадолелі ўсе цяжкасці, — расказаў генеральны дырэктар прадпрыемства Генадзь Азараў. — На дадзены момант працуем на поўную магутнасць, гэта і дазволіла нам выпусціць 500 тысяч тэлевізараў. Гэта сур’ёзная лічба, мы ёю ганарымся.

Асноўны экспартны «тэлевізійны» рынак прадпрыемства – Расійская Федэрацыя, і тэлевізары вытворчасці віцебскага тэлецэнтра там надзвычай запатрабаваныя людзьмі. На прадпрыемстве ганарацца тым, што «Віцязь» у краіне-суседцы па сутнасці народны брэнд. Толькі ўявіце, колькі расіян сустрэнуць надыходзячы Новы год пад бой курантаў, які будуць трансляваць набытыя імі віцебскія тэлевізары!

У 2023-м плануецца выпуск прадукцыі дзевяці брэндаў, якія ўключаюць каля сотні мадэляў.

"Віцьбічы"