У Аршанскім раёне на жніве ў адным моладзевым экіпажы камбайнераў працуюць брат і сястра
– Эмоцыі праз край, – дзеліцца імі Віка. – Быць у ролі памочніка камбайнера, а тым больш такога, як мой брат – гэта вялікі гонар і гордасць. Цяпер мае самыя прыгожыя заходы і ўзыходы – у полі.
Дзяўчына ў новай для яе справе адчувае сябе ўпэўнена: умее ачысціць агрэгат, змазаць вузлы, падкруціць і паправіць, што трэба.
Уладзіслаў Лапцінскі кажа: з сястрой працаваць камфортна.
– Мы разумеем адзін аднаго з паўслова, – адзначае ён. – Яна ў мяне дзяўчына кемлівая, з рукамі. Ужо ўмее і ведае нямала. Калі будзе такая неабходнасць – можа і самастойна за штурвал камбайна сесці.
І нядзіўна, бо ў Вікі і Влада – выдатны настаўнік, іх бацька Валянцін. Летась тандэм Лапцінскіх (бацька і сын) першымі ў Віцебскай вобласці пераадолелі тысячны і трохтысячны рубяжы па намалоце збожжа.
А сёння старэйшы камбайнер са сваім памочнікам Вікторыяй мае намер першым у раёне пераадолець тысячны рубяж сярод маладых экіпажаў. Штодня, калі спрыяе надвор'е, моладзевы экіпаж намалочвае парадку 150 тон збожжа.
– Мы вельмі хварэем і перажываем за нашу моладзь, стараемся ва ўсім яе падтрымліваць і заахвочваем за добрасумленную працу, – падкрэслівае старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольга Нікіценкава. – Маладыя аграрыі павінны адчуваць, наколькі важна для краіны і людзей тое, што яны робяць. Бо менавіта яны паказваюць прыклад для ўсёй астатняй моладзі краіны, працуючы побач са старэйшым пакаленнем і дэманструючы годныя вынікі.
