У Аршанскім раёне адкрылі шматфункцыянальную спартыўную пляцоўку

В Оршанском районе открыли многофункциональную спортивную площадку
Спорт і здаровы лад жыцця сталі яшчэ даступнейшымі для жыхароў горада Барань Аршанскага раёна. Тут, дзякуючы рэспубліканскаму сацыяльнаму праекту Прэзідэнцкага спартыўнага клуба па падтрымцы спорту і здаровага ладу жыцця «Спорт для ўсіх», адкрылі шматфункцыянальную спартыўную пляцоўку.

– Гэта падзея значная не толькі для горада-спадарожніка Оршы, але і ў цэлым для рэгіёна, – падкрэсліў падчас цырымоніі ўрачыстага адкрыцця комплексу намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Віктар Калачоў. – Вялікая ўвага надаецца ў краіне развіццю спорту, фізічнай культуры. Усе мы бачым, якія аб'екты функцыянуюць і ўзводзяцца, з кожным годам іх усё больш.

У 2021 годзе Прэзідэнцкі спартыўны клуб запусціў рэспубліканскі сацыяльны праект па падтрымцы спорту і здаровага ладу жыцця «Спорт для ўсіх». У яго рамках ва ўсіх кутках нашай рэспублікі адкрываюцца такія шматфункцыянальныя спартыўныя пляцоўкі. З кожным годам геаграфія праекта пашыраецца. Прыйшоў ён і ў Барань. Адкрыццё гэтай пляцоўкі дасць чарговы штуршок у папулярызацыі здаровага ладу жыцця, спорту. Цяпер кожны жыхар горада-спадарожніка Оршы ад малога да вялікага можа прыйсці сюды ў любы час і заняцца.

 

Шматфункцыянальны сілавы комплекс WCG-15-1 створаны па аўтарскім праекце і прызначаны для правядзення сілавых, функцыянальных трэніровак на свежым паветры. Ён уяўляе сабой прасторавую раму, якая ўключае ў сябе варкаут-зону і сілавыя трэнажоры з рэгулюемымі вагамі. А таксама баскетбольную пляцоўку, зону для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

– Універсальнасць дадзенага комплекта дазваляе выконваць інтэрвальныя трэніроўкі высокай інтэнсіўнасці з элементамі цяжкай атлетыкі, паўэрліфтынгу, гімнастыкі, гіравога спорту, практыкаванняў стронгмена і г.д, – адзначыў выканаючы абавязкі старшыні Бараньскага гарвыканкама Валерый Ждановіч. – Адначасова можна развіваць сілу, каардынацыю, рэакцыю, гнуткасць і цягавітасць. Новая пляцоўка з сучасным пакрыццём надасць спартыўнаму руху і здароваму ладу жыцця горада новы імпульс. Рэалізаваўся праект пры садзейнічанні мясцовых распарадчых і выканаўчых органаў.

Па хадайніцтве Бараньскага гарадскога выканаўчага камітэта Прэзідэнцкім спартыўным клубам было прынята рашэнне аб будаўніцтве комплексу ў нас у горадзе. Падзяку за такі падарунак выказалі і жыхары Барані.

– Мы рады назіраць за тым, як развіваецца наш горад, – сказала дырэктар сярэдняй школы №15 Наталля Лабацкая. – Калі можна ўбачыць прыгожыя асфальтаваныя вуліцы, новыя тратуары, адрамантаваныя дамы і, безумоўна, вось такія спартыўныя збудаванні. Прыярытэтам у нашым горадзе заўсёды быў здаровы лад жыцця. Адкрыццё такой пляцоўкі дазволіць працягнуць весці аздараўленчы рух, арганізоўваць яшчэ больш разнастайных фізкультурна-масавых мерапрыемстваў. Тут аб'яднаюцца тыя, хто клапоціцца пра сваё здароўе, а таксама спартыўных дасягненнях, магчыма, вырастуць новыя алімпійскія надзеі.