У Воршы прайшоў фестываль "Вытокі. Крок да Алімпу"

В Орше прошел фестиваль "Вытокі. Крок да Алімпу"
У Оршы адгучалі фанфары кульмінацыйнага трэцяга дня культурна-спартыўнага фестывалю "Вытокі. Крок да Алімпу". На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы спорткомплекса «Алімпіец» прафесійнае журы вызначыла пераможцаў вакальнага конкурсу. Тут жа прайшлі майстар-класы ад зорак беларускай эстрады – Ірыны Дарафеевай, Жанет, Валерыя Шмата, Жанет, Зіны Купрыяновіч. Дырэктар ТАА «АртХаос» Лідзія Лукашэнка ўзнагародзіла юных пераможцаў конкурсу «Вытокі» ў намінацыі «Малюнак».

Па-ранейшаму шматлюдна на спартыўных тэматычных пляцоўках. Зоны актыўнасці – алімпійскі квэст, семінары і лекцыі, арт-выстава, мабільны планетарый, гульнявыя інтэрактыўныя сямейныя пляцоўкі, выставы-продажы вырабаў рэгіянальных майстроў і вытворцаў, танцавальныя і вакальныя майстар-класы, конкурсы. Іншымі словамі, свята аб'яднала спорт, культуру, адукацыю, эканоміку, стала ўнёскам у развіццё рэгіёна. Такое меркаванне выказаў на адкрыцці фестывалю прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Віктар Лукашэнка.

– Сімвалічна, што мерапрыемства праходзіць у Год народнага адзінства і 30-годдзя НАК, – адзначыў яго прэзідэнт. – Мэта фестывалю - паказаць развіццё рэгіёна і яго асаблівасці. Гэта не толькі спартыўнае свята. Да гэтага на працягу двух дзён праходзілі семінары, адукацыйныя праграмы. Сённяшні дзень фестывалю можна назваць міні-алімпійскім. Свята дэманструе, як ад вытоку, самага пачатку мы крок за крокам рухаемся да Алімпу. Задача гэтага культурна-спартыўнага свята – дапамагчы рэгіёну паказаць сваё развіццё і асаблівасці. Менавіта таму «Вытокi» змянілі лакацыю і цяпер праходзяць не ў сталіцы і абласных цэнтрах, а ў такіх не вельмі буйных, але ад таго не менш цікавых і багатых традыцыямі гарадах.

Размова з журналістамі, Віктар Лукашэнка сказаў, што з задавальненнем прыязджае ў Оршу, з якой для яго шмат што звязана.

– Горад вельмі прыгожы, гасцінны і, бясспрэчна, ён змяніўся ў лепшы бок, пераўтварыўся. Прыязджаеш – і душа радуецца!

Прыклад для пераймання – старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, які матывуе асабістымі дасягненнямі ў спорце. Ён і ў гэты раз не застаўся ўбаку ад спаборніцкай часткі фестывалю, усталяваўшы рэкорд Беларусі ў сваёй узроставай і вагавой катэгорыі, адціснуўшы ад грудзей штангі вагой 215 кг! Таксама ён за 30 секунд штурхнуў гіру вагой 32 кг 36 разоў. Кіраўнік вобласці падкрэсліў сімвалічную назву фестывалю «Вытокi».

– Без ведання сваіх вытокаў, духоўнай спадчыны, гісторыі не атрымаецца выгадаваць па-сапраўднаму вялікага спартсмена і годнага грамадзяніна сваёй краіны. Таго, хто не будзе пусты душой, будзе любіць і паважаць радзіму, стваральна працаваць на яе дабро. Мяркую, гэты фестываль даў пачатак добрай традыцыі, якая будзе доўга-доўга працягвацца, – сказаў Мікалай Шарснёў.

Характэрна, што 2022 год Орша сустрэне ў якасці культурнай сталіцы Беларусі. Яшчэ і таму аршанскія «Вытокi» - добры старт і прыклад для ўсяго паўночнага рэгіёну.

– Гэты пілотны праект стане прыкладам для ўсёй вобласці. Вопыт арганізацыі і правядзення падобных мерапрыемстваў мы распаўсюдзім на іншыя раёны, – адзначыў старшыня аблвыканкама. – Гэтае свята, я мяркую, заклала традыцыі, якія будуць працягвацца доўгія гады. Фестываль мае глыбінны сэнс: выгадаваць спартсмена без духоўнай спадчыны, без ведання гісторыі немагчыма. Мы павінны паказаць дзецям нашы вытокі, чым мы багатыя, якая наша культура, узбагаціць духоўна, і на гэтай глебе выгадаваць спартсмена, які будзе сапраўды змагацца за нашу Радзіму.

Адкрылі фестываль ураджэнец Оршы, футбаліст Антон Пуціла, лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальніца гран-пры дзіцячага міжнароднага конкурсу «Славянскі базар» Ангеліна Ломака.

На сцэнічнай пляцоўцы ўзнагародзілі пераможцаў «Алімпійскага квесту». Усе яго ўдзельнікі выконвалі 15 заданняў па розных відах спорту, адзнакі аб якіх заносіліся ў спецыяльныя карткі. Юныя спартсмены трэніраваліся ў біятлоне, праходзілі дыстанцыі на веласіпедах, гулялі ў футбол, шахматы, валейбол, падымалі гіры, займаліся боксам, дэманстравалі веды па спартыўнай медыцыне і інш.

– Цудоўнае свята, мы з задавальненнем прымаем у ім удзел, – сказаў аршанец Дзмітрый Вараб'ёў. – Прыйшлі сюды сям'ёй. Сын удзельнічае ў алімпійскім квесте, а мы за яго хварэем. Ён па маім прыкладзе займаецца баскетболам і ўжо робіць поспехі ў гэтым відзе спорту. Гораду патрэбны падобныя мерапрыемствы. Бо гэта не толькі карысны адпачынак, але і стымул да далейшых дасягненняў.

Фестываль «Вытокі» завершыцца вечаровым гала-канцэртам з удзелам папулярных артыстаў і запальнай дыскатэкай.

Арганізатары свята – Нацыянальны алімпійскі камітэт, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, ТАА "АртХаос" і ТАА "БелБрэндАўдыт".

"Віцебскія весці". Фота газеты, НАК, telegram-канала "Віцебская вобласць. Афіцыйна".