У Полацку пачаў курсіраваць аўтобус з праектам «Героі Савецкага Саюза Палачаншчыны»
Цяпер жыхары і госці горада, дабіраючыся да патрэбнага прыпынку, змогуць пазнаёміцца з біяграфіямі і партрэтамі легендарных людзей, якія ўславілі Радзіму сваімі ратнымі подзвігамі.
У раённым цэнтры шануюць памяць Герояў: іх імёнамі названы вуліцы, навучальныя ўстановы. Полацкай зямлі ёсць чым ганарыцца: у яе семнаццаць Герояў Савецкага Саюза – кожны са сваім болем, гісторыяй, нямала трагічнай. Інфармацыя пра ўсе подзвігі і размешчана ў аўтобусе, які курсіруе па гарадскіх маршрутах. У праекце літаральна прасочваецца гісторыя нашай дзяржавы ад першага Героя Савецкага Саюза Паўла Купрыянава, які ўдзельнічаў у першым у свеце танкавым баі падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі, да воіна-інтэрнацыяналіста, камандзіра верталётнай эскадрыллі Васіля Шчарбакова, які падабраў экіпаж савецкага верталёта і на сваёй падбітай машыне вывез з поля бою. Гэта і 15 Герояў Савецкага Саюза, удастоеных высокага звання за подзвігі, здзейсненыя падчас Вялікай Айчыннай. Сцяпан Канашэнка, які ў 1943-м больш за суткі вёў бой з праціўнікам за захоплены плацдарм у Чаркаскай вобласці і загінуў пры спробе пераправіцца на левы бераг Дняпра з данясеннем. Санінструктар Зінаіда Тусналобыва-Марчанка, якая вынесла з поля бою 123 параненых салдата, страціла рукі і ногі і стала сімвалам нязломнай волі і мужнасці. Сцяпан Жукаў, які здзейсніў 138 баявых вылетаў на разведку, штурмоўку і бамбардзіроўку баявой тэхнікі і жывой сілы праціўніка, чым нанёс значную шкоду сілам ворага. Гэта разведчыца і сувязная партызанскай брыгады «Неўлоўныя» Таццяна Марыненка, жорстка закатаваная фашыстамі...
Ініцыятары акцыі, а гэта адміністрацыя і прафсаюзны камітэт філіяла «Аўтобусны парк № 2 г. Полацка «Віцебскаблаўтатранса», раённыя арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, Беларускага саюза афіцэраў, гарадская арганізацыя Беларускага саюза ветэранаў органаў памежнай службы, арганізавалі мітынг, які і даў кропку адліку для запуску праекта памяці.
– Мы 80 гадоў жывём пад мірным небам, і нашы дзеці і ўнукі спакойна прачынаюцца, малыя ўсміхаюцца сваім бацькам, мамы і таты бяруць іх на рукі. І гэта ёсць сямейнае шчасце і любоў пад безаблачным небам. Час ідзе, і маладому пакаленню, якое вырасла ў мірнай краіне, бывае цяжка да канца ўсвядоміць тое, што адбывалася з нашымі продкамі, якія забяспечылі нам гэты шчаслівы час, – сказала падчас мерапрыемства начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ірына Дзёмінава. – Таму наша задача: гаварыць пра тое, што іх місія была выстаяць і годна, з гордасцю прайсці ваенны шлях. Час выбраў нас для таго, каб мы захоўвалі гістарычную праўду і даводзілі яе да кожнага, гледзячы ў вочы, прачула, эмацыйна, бо галоўнае – дастукацца да кожнага сэрца, каб людзі яшчэ раз усвядомілі, хто такі ветэран, якой цаной дасталася Перамога.
Андрэй Дзямянчонак, праўнук Героя Савецкага Саюза Андрэя Пісаранка, кіроўца аўтобуснага парка № 2:
– Вельмі прыемна ўсведамляць, што пасля столькіх гадоў шануецца памяць Герояў, якія прывялі нас да Вялікай Перамогі. Бо, як сказаў наш Прэзідэнт, Героі жывыя, пакуль памятаюць іх імёны.