У Полацку абмеркавалі падрыхтоўку да святкавання 900-годдзя Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра

У Полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім жаночым манастыры прайшло першае пасяджэнне зацікаўленых службаў, прадстаўнікоў улады і манастыра па правядзенні ў 2025 годзе святкавання 900-годдзя абіцелі.

У нарадзе прыняла ўдзел старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Яна адзначыла, што 900-годдзе манастыра - важная дата для беларусаў. У Полацку наша дзяржаўнасць, вытокі, духоўнасць і карані. "Сёння вызначым мерапрыемствы і пералік работ, якія неабходна будзе правесці для падрыхтоўкі да свята. Па просьбе Беларускай праваслаўнай царквы дзяржава перадала манастыру ва ўласнасць шэраг будынкаў. Як мяркуецца, тут будзе гасцініца для паломнікаў - сюды прыязджае вялікая колькасць людзей з розных краін. Тыя ўмовы, якія ёсць у манастыры, не дазваляюць у поўнай меры забяспечыць камфортнае знаходжанне турыстаў і паломнікаў. Для гэтага трэба правесці дастаткова шмат работы, вызначыцца з найбольш важнымі аб'ектамі, якія неабходна рамантаваць і будаваць у першую чаргу", - сказала Наталля Качанава. Мяркуецца, што фінансаваць работы будуць з мясцовага, абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў, разлічваюць і на дапамогу мецэнатаў.

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў распавёў, што сярод першых аб'ектаў акрамя гасцініцы яшчэ будзе пабудавана новая трапезная. У бліжэйшы час распрацуюць праектна-каштарысную дакументацыю. Прыступіць да работ плануюць вясной 2022 года. "Пакуль асноўная задача - гэтыя два аб'екты. Таксама на базе перадаваемага пяціпавярховага корпуса, які адыдзе ад Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа, плануецца вялікая бібліятэка, музей. Гэта будзе не проста комплекс для сясцёр, але і гісторыка-культурны цэнтр", - дадаў Уладзімір Цярэнцьеў.

Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр быў заснаваны каля 1125 года преподобнай Ефрасінняй Полацкай, яе мошчы спачываюць тут. Да 1161 года на месцы драўлянай была пабудавана каменная Спаса-Праабражэнская царква. У ёй захаваліся ўнікальныя фрэскі XII стагоддзя. Цяпер храм рэстаўруюць. У 1882 годзе над уваходам у манастыр узвялі званіцу, у канцы XIX стагоддзя тут пабудавалі яшчэ і Крыжаўзвіжанскі сабор. Архітэктурны ансамбль манастыра ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

"БЕЛТА"