У Свята-Успенскім кафедральным саборы Віцебска прайшло велікоднае набажэнства

В Свято-Успенском кафедральном соборе Витебска прошло пасхальное богослужение
Праваслаўныя вернікі адзначаюць сёння Вялікдзень – светлае, радаснае свята Уваскрасення Хрыстова. Аб яго прыходзе з раніцы абвясцілі званы ва ўсіх храмах.

Напярэдадні велікоднюю паўсяночную і Боскую літургію, а таксама хрэсны ход у Свята-Успенскім кафедральным саборы Віцебска здзейсніў архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый. У завяршэнні набажэнства ў храм даставілі Дабрадатны агонь з Храма Уваскрасення Хрыстова (Магілы Гасподняй) у Іерусаліме.

Сёння ўладыка разам з епіскапам Друцкім, вікарыем Віцебскай епархіі адслужыў святочны малебен. Было зачытана Вялікаднае віншаванне Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Віншуючы духавенства і прыхаджан, архіепіскап Дзімітрый падкрэсліў:

– Адчуваючы ласку Уваскрасення Хрыстова, трэба трымацца Боскай любові. Бог ёсць дух. Што б ні адбывалася ў свеце, самае важнае – мілата Божая, якая дае нам мір, спакой і радасць.

Кіраўнік Віцебскай епархіі ўручыў юбілейныя медалі БПЦ «1030-годдзе Праваслаўя на беларускіх землях» першаму намесніку старшыні аблвыканкама Анатолю Ліневічу, намесніку старшыні аблвыканкама Вячаславу Дурнову, а таксама Мікалаю Мартынаву і Галіне Суманеевай.

– Сёння вельмі ўрачыстае свята, свята ўсіх святаў. На працягу многіх стагоддзяў людзі сустракалі Уваскрасенне Хрыстова з любоўю. Вернікі рыхтуюцца да яго, ачышчаюць душу, і пасля адбываецца пераасэнсаванне таго, якімі думкамі і справамі павінна быць напоўнена жыццё. Гэта свята – сімвал любові, перамогі дабра над злом, жыцця над смерцю, – адзначыў Анатоль Ліневіч і ўручыў архіепіскапу Дзімітрыю букет белых руж.

Вячаслаў Дурноў таксама павіншаваў праваслаўных вернікаў з Вялікаднем, якое ўсе сустракаюць з трапятаннем у душы, і выказаў упэўненасць, што жыццё на нашай беларускай зямлі будзе мірным і стваральным. Да чаго ўсе мы імкнемся.

Свята Уваскрасення Хрыстова адзначаецца царквой на працягу тыдня. Гэты перыяд называецца Светлым тыднем. Аднак днямі велікоднага ўрачыстасці ў знак значнасці падзеі Уваскрасення Хрыста і Яго перамогі над смерцю лічацца 40 дзён – да свята Узнясення. У гэты саракадзённы перыяд вернікі вітаюць адзін аднаго словамі "Хрыстос уваскрос!" – "Сапраўды ўваскрос!"

Фота Таццяны ПАСТЭРНАК.