У Верхнядзвінску дэпутаты абмеркавалі працу па стварэнні даступнага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі
Удзел у рабоце сесіі прынялі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Барыс Ефрэмаў, старшыня Верхнядзвінскага райвыканкама Васіль Шылаў.
Вяла работу сесіі старшыня Верхнядзвінскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Казел.
Удзельнікі работы сесіі азнаёміліся з базай Луначарскага дома-інтэрната, умовамі пражывання, лячэння і рэабілітацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Дырэктар установы Вольга Людская расказала аб стварэнні ў доме-інтэрнаце даступнага тэрапеўтычнага асяроддзя для 420 пражываючых. Гэта ўтульныя пакоі, кабінеты з усялякімі сучаснымі мето-дыкамі рэабілітацыі, нетрадыцыйныя формы аздараўлення, спецыяльна абсталяваныя спартыўныя залы, зоны адпачынку і многія іншыя складнікі камфортнага знаходжання. Па сутнасці, дом-інтэрнат уяўляе сабой цэлы комплекс для жыцця, пасільнай працоўнай дзейнасці, аздараўлення, рэалізацыі творчых магчымасцей, карыснага адпачынку людзей, якія маюць праблемы з сацыяльнай адаптацыяй.
Луначарскі дом-інтэрнат – адзін з найважнейшых аб'ектаў у стварэнні даступнага асяроддзя жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб. У цэлым у раёне праводзіцца разнабаковая праца ў гэтым напрамку. Каментуючы ход выканання мерапрыемстваў праграмы, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ілья Вялікі адзначыў, што на Верхнядзвіншчыне пражывае 1346 чалавек з інваліднасцю, у тым ліку 59 – інвалідаў-калясачнікаў, 73 – інвалідаў па зроку, 5 – са слухам, 63 – дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў. Задача дзяржавы і грамадства – забяспечыць ім паўнавартасны доступ да транспарту, інфармацыі і сувязі, медыцынскаму абслугоўванню, адукацыі, іншым аб'ектам і паслугам, якія прадастаўляюцца насельніцтву. У раёне створаны Міжведамасны савет па правах інвалідаў, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў раёна. Савет вызначае аб'екты па стварэнні даступнага асяроддзя, а таксама ажыццяўляе маніторынг і кантроль за іх укараненнем. Такімі аб'ектамі з'яўляюцца гукавыя інфарматары з дыстанцыйным кіраваннем, тактыльная плітка і накіроўвалыя для памяшканняў, інфармацыйныя таблічкі для кабінетаў, прадубляваныя рэльефным шрыфтам Брайля, мнемасхемы для санузлаў, кнопкі выкліку для інвалідаў, пандусы з парэнчамі, піктаграмы і многія іншыя.
Да Unicod-дакладчык распавёў пра працу, якая праводзіцца па стварэнні даступнага асяроддзя ў сацыяльных установах, на прадпрыемствах і арганізацыях раёна. Сярод прыкладаў – парковачнае месца для інвалідаў на аўтастанцыі ў г. Верхнядзвінску, тактыльная плітка і дзіцячая пляцоўка са спецыялізаваным абсталяваннем для дзяцей-інвалідаў у гарадскім парку, стварэнне безбар'ернага асяроддзя ў дамах, дзе пражываюць інваліды, папаўненне фонду бібліятэк выданнямі для невідушчых і слабавідушчых карыстальнікаў.
Досвед работы па стварэнні даступнага асяроддзя ва ўстановах падзяліліся дырэктар ДУСО «Луначарскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў» Вольга Людская, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Верхнядзвінскага раёна» Таццяна Нікіфарава, дырэктар ДУА «Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Верхнядзвінскага раёна» Галіна Пірог.
Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Барыс Ефрэмаў адзначыў, што прадугледжаныя праграмай мерапрыемствы па стварэнні даступнага асяроддзя ў раёне выконваюцца, аднак да канца года неабходна ажыццявіць яшчэ некалькі праектаў па стварэнні даступнага асяроддзя, у тым ліку ў ТЦСАН, райвыканкаме, цэнтральнай раённай бальніцы.
Старшыня райвыканкама Васіль Шылаў адзначыў, што на рамонт паліклінікі выдзелена больш за мільён рублёў — гэта дазволіць рэалізаваць намечаныя планы па стварэнні безбар'ернага асяроддзя, а таксама падкрэсліў, што пытанню адаптацыі інвалідаў у грамадства ў раёне заўсёды ўдзялялася і будзе ўдзяляцца асаблівая ўвага.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў падзякаваў дэпутацкі корпус, кіраўніцтва раёна і прадстаўнікоў органаў і ўстаноў сацабароны за праведзеную працу і заўважыў, наколькі важная яна для людзей, якія маюць патрэбу ў такой дапамозе.
Уладзімір Церанцьеў распавёў аб тым, як рэалізуецца на Віцебшчыне праграма стварэння даступнага асяроддзя, а гэта і будаўніцтва ў раёнах пляцовак для дзяцей-інвалідаў, і забеспячэнне іх спецыяльнымі роварамі і развіваючымі домікамі для малых з асаблівасцямі развіцця, і набыццё для інвалідаў калясак, і абсталяванне пандусаў і паркавальных месцаў, і многае іншае.
Але трэба зрабіць яшчэ нямала. Уладзімір Уладзіміравіч параіў прайсці разам з інвалідам дарогу ад дома да розных патрэбных яму аб'ектаў. Адразу стане зразумела, наколькі складаны для інваліда звыклы здароваму чалавеку шлях. Дапамагчы пераадолець гэтыя бар'еры, інтэграваць чалавека ў сацыум, стварыць умовы для паўнавартаснага жыцця – абавязак, які паказвае сталасць нашага грамадства і сапраўднае гуманнае стаўленне да людзей.
"Дзвінская праўда"