У Віцебску ўшанавалі найлепшых медыцынскіх работнікаў вобласці

Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін выказаў шчырую падзяку медыцынскім работнікам за іх працу і асабліва адзначыў Віцебскі дзяржаўны медуніверсітэт, назваўшы яго не толькі ўпрыгожаннем вобласці, але і жамчужынай рэспубліканскага маштабу. Аляксандр Субоцін запэўніў, што медыцыне па-ранейшаму будзе ўдзяляцца вялікая ўвага з боку абласной улады.
Віцебская медыцына здольная на многае, упэўнены Аляксандр Субоцін, і яна будзе сваімі дасягненнямі радаваць і здзіўляць надалей.

 


За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме аховы здароўя, асабісты ўклад у паляпшэнне медыцынскага абслугоўвання насельніцтва вобласці Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджаны намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Людміла Кавалёва, галоўны ўрач Віцебскага абласнога клінічнага спецыялізаванага цэнтра Валерый Дзянісенка, старшая медыцынская сястра хірургічнага аддзялення Бешанковіцкай ЦРБ Ала Семініда, намеснік галоўнага ўрача Віцебскага абласнога эндакрыналагічнага дыспансера Ганна Сцяпанава.

Ганаровую грамату Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь галоўнаму ўрачу Віцебскага абласнога клінічнага радзільнага дома Алене Леановіч уручыў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч.

– Дзень медыцынскага работніка мы адзначаем у год, калі адзначаецца 103-годдзе аховы здароўя Беларусі. Лічба 103 стала для кожнага беларуса сімвалам дапамогі, збавення, надзеі на медыцыну, якая ставіць у аснову здароўе і жыццё пацыента, – адзначыў у сваім выступленні начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл Вішневецкі. – За мінулы год ахова здароўя Віцебшчыны значна прасунулася па якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі, мадэрнізацыі дыягнастычных службаў, укараненні сучасных тэхналогій, развіцці і пашырэнні сферы медыцынскіх паслуг. Даступнасць якаснага медыцынскага абслугоўвання забяспечваецца з патрабаваннямі дзяржаўных стандартаў ва ўсіх раёнах вобласці. З адыходам пандэміі мы зноў актывізавалі прафілактычныя агляды і дыспансерызацыю. Наша мэта – дзейсная прафілактыка і актыўнае выяўленне захворванняў на ранніх стадыях. Мы імкнемся дайсці да кожнага пацыента.

За плённую, добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у аказанне высокакваліфікаванай медыцынскай дапамогі і паспяховае выкананне задач, якія стаяць перад Міністэрствам аховы здароўя, нагрудным знакам «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь» узнагароджаны дацэнт кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Мікалай Беляўскі, загадчык тэрапеўтычным аддзяленнем Верхнядзвінскай цэнтральнай раённай бальніцы Віктар Кураш, загадчык Параф'янаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Докшыцкай цэнтральнай раённай бальніцы Людміла Зоричюс, старшая медыцынская сястра хірургічнага аддзялення Дубровенскай цэнтральнай раённай бальніцы Алена Курносава, старшая медыцынская сястра інфекцыйнага аддзялення Наваполацкай гарадской бальніцы Жанна Салавей, загадчык клініка-дыягнастычнай лабараторыі Віцебскай гарадской цэнтральнай паліклінікі Жанна Маскіна, урач ультрагукавой дыягностыкі аддзялення функцыянальнай і ультрагукавой дыягностыкі Віцебскага абласнога дыягнастычнага цэнтра Алена Беляева і іншыя.

Па выніках працы за 2021 год ва ўстановах аховы здароўя прайшоў конкурс па вылучэнні кандыдатаў на званне «Лекар года Рэспублікі Беларусь». У намінацыі «лекар-педыятр» пераможцам стала Алена Сцяпанец, лекар-дзіцячы неўролаг неўралагічнага дзіцячага паліклінічнага аддзялення Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы. У намінацыі «лекар-тэрапеўт» – Вікторыя Чаркасава, загадчык кардыялагічным аддзяленнем Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы. У намінацыі «лекар-хірург» – Аляксандр Сяткоўскі, загадчык аддзялення хірургічнай гепаталогіі і трансплантацыі Віцебскай абласной клінічнай бальніцы. У намінацыі «лекар-акушэр-гінеколаг» – Вольга Струкова, загадчык жаночай кансультацыі № 1 гарадскога радзільнага дома Аршанскай цэнтральнай раённай паліклінікі. У намінацыі «лекар агульнай практыкі» – Марына Клакоцкая, лекар агульнай практыкі Лепельскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Шэраг медыцынскіх работнікаў атрымалі ўзнагароды галіновага прафсаюза і ВДМУ.

"Віцебскія весці"